Уток... Ніты... Аснова...
Вавёркаю — чаўнок.
Як з гукаў тчэцца слова,
так з нітак — палатно.
Такія тут узоры,
як назвы родных вёсак:
Дуброва, Яцвезь, Зорная,
Паперня, Лугча, Лосак.
А ёсць яшчэ —
Маргуха...
Хоць раз ты мне маргні,
вясковая прысуха,
не вочы — зор агні.
І я гатоў застацца —
не госць, не гаспадар...
Ў такую б закахацца
і сэрца ёй аддаць...
І стукаюць хай бёрды...
А шчасце не міне:
вясёлка з поўным вёдры
пранесла ля мяне.