На селішчы буяў калісьці бэз...
Што ж сталася?
Прагрэс?..
А дзе ж крынічанька,
над якою
стаяў я з табою,
як ясень з вярбою?
Азерца было —
з якога канца?
З разгону ў ваду мы
давалі нырца.
Алешнік тут рос
між чароту, імхоў —
«у вайну» гулялі,
тут быў наш схоў.
Яшчэ рачулка цякла недалёка,
якую звалі чамусь
Магілёнка.
Лавілі мы ў ёй
уюноў, ментузоў
у цамбравінах
і ля кустоў.
Стаяла тут сябрава хатка —
падмурак цяпер,—
ля плота маліны —
бяры напавер!
Хоць, праўда,
цётка Хрысціна,
бывала, нас і «хрысціла»:
— Каб твой раточак —
чырвоны гадочак...
Каб солад той
не чуў за губой...
На селішчы калісьці бэз буяў
пад трэлі, пералівы салаўя...