Па-над Нёманам у вёсцы Мікалаеўшчына вырасла Ганна Юр’еўна, маці Якуба Коласа, а крыху далей па плыні на хутары Няшота — Бянігна Іванаўна, маці
Янкі Купалы.
Над Нёманам,
быстрым ды вечным,
гудзелі бары, нібы гуслі.
Апоўначы Шляхам Млечным
у вырай імкнуліся гусі.
Выходзілі з хаты дзве маці —
зямлі беларускай абранніцы.
Блукала ў чаборы і мяце
мужыцкая Муза да раніцы.
— Пад стрэхі ідзі,
да людзей...—
Лугі і палі падказалі.
Гаротна дзве зоркі надзей
матулі ў калысках люлялі.
І скінулі ім у двары —
як ведалі —
дзікія гусі
па чыстай пярынцы-пяры
з пахмурных нябёс Беларусі.