Прыйду на берагі
твае крутыя,
дубоў дзе караніцца род,
дзе хвалі
срэбна-залатыя
калышуць памяць,
як чарот.
Рака мая,
праз дні мае віротныя
бяжыш —
твой разумею спех...
Ды недзе там,
за выдмай,
паваротам,
прыпыніш,
як і я,
на хвілю бег.
Нам ёсць
над чым падумаць...
Бо стагоддзі
плылі табой,
нібы варагі ў грэкі.
Легенды, былі
у маім народзе
жывуць часцей там,
дзе крынічаць рэкі...
Ты рушыш зноў за даляглядным
часам,
аддаўшы плынь гарэзу-быстраку.
І доўга буду я
з маімі днямі разам
рукой махаць,
праводзячы раку...