А Нарач хітрая даволі —
нібы пальчатку,
загадку
кінула мне:
— Оля...
Само здзіўленне — О,
а ЛЯ,
як нота з крышталя.
Надрыўным голасам, да болю
крычалі чайкі:
— О-ля! О-ля!
Тры кроплі срэбраныя ў горле
два лебедзі качалі:
— О-л-я...
І хвалі
плылі да берага здаля,
як О да ЛЯ.
Дзе качкі чорныя, як ночы,
запомняць нас, дваіх, аднойчы.
Бяжыць па соснах і таполях
дыск сонца прамяністы —
О-л-я...
Тры літары пяшчоты —
ключ-соль з таемнай нотай —
разгадваю паволі
шаптаннем незямным,
магічным:
— О-л-я-я-я...