Гуніб — самае высокае і прыго
жае паселішча-горад у гарах Да-
гестана
Нас вынесла на макаўку-плато,
дзе горы кураць воблакамі белымі,
дзе снежнае раскінуў палатно
сам Бог рукамі агрубелымі.
Тут, на вяршыні, пэўна, баляваў,
туман піў сіні, чабаровы.
Цяпер, дзе ў стыні белай перавал,
пасе авечкі і каровы.
Бог — чабаном,
анёлы — ішакі:
усё, нібыта на Парнасе...
Спускаемся да горнае ракі
Кайсу —
што значыць «рэчка часу»...
Якая ты,
ці мудрая, рака?
Ці нельга павярнуць цябе назад?
Не аднаго джыгіта-седака
жыццё
схавала ты ў свой спрат...
Дарога прыліпае да скалы,
як бобкі абляпіхі на галінцы.
А ў небе — самавітыя арлы,
нібы аварцы ці даргінцы,
якія частавалі нас далмой
у саклі на вяселлі ў Магамета,
што не хацелася дамоў,
а ўвысь хацелася і ў лета...
За воблакамі — крэпасць Шаміля...
І кожны з нас — «Кавказский пленник»...
Аднекуль — з высі ці здаля?—
данёсся звонкі голас пеўня.
Ён кукарэкаў на гары,
там, дзе арлы — святыя госці.
Спяваў пяюн, нібы ў двары
ў палескай нашай вёсцы.