Аер прырэчны, ажыннік
золкім наструнены ветрам.
Знічка мільгне над жытам —
аз,
букі,
ведзі...
Гром-паслязімнік алёсы
перажагнае, абвесніць.
Быццам разгадка лёсу —
аз,
букі,
ведзі...
Жолуд, жаўранак, колас
нам падаюць, як вестку,
свой непадробны голас —
аз,
букі,
ведзі...
Сцежку сваю праторыш...
Так да канца і не зведаць,
як пахнуць
тры кветкі прасторы
аз,
букі,
ведзі...