Панесліся пагалоскі:
— Закрываюць «Бярозкі»...
І вось ужо дама ў манто
з «шырокай» душой
і аўто
крык узняла і лямант,
нібыта знікае мамант,
нібыта свету канец...
І чэргі, чэргі...
Шустрэц
гатоў заплаціць,
як магнат,
за мару мяшчанскую —
сертыфікат...
А недзе ціхутка ля вёскі
стаяць, як удовы,
бярозкі,
як сведкі...
Ад іх ты ўведаеш, госць,
пра
пасляваенную маладосць
сяльчан,
што цярпелі здзекі,
здаровыя і калекі...
І помняць яны «кукурузны»,
а потым — «чарнільны» час,
калі ўжо елі «ад пуза»,
пілі не бярозавы квас...
І пляскалі, пляскалі ў ладкі,
пяклі небыліцаў аладкі...
...Прад вамі і толькі прад вамі
сагну я калені,
бярозкі
ля вёскі...