Праводжу лета...
Ціхая часіна...
Схіліў мне ў рукі голаў васілёк.
На ўзмежку тонкі зык асіны
палын калыша і быллё.
Пух маладых вусоў сланечнік скінуў
і семак шчэццю туліцца да рук.
А словы,
друг,
табе сказаць якія? —
я зведаў сам падобную пару...
Півоня,
ты з дзяўчыны сарамянай
паўстала весялухаю такой —
на ўсю шчаку ажно гарыць румянец,
нібы пасля застолля ў маладой.
І лішнімі здаліся ўсе прамовы...
Гляджу на вечаровы небакрай,
дзе лета затрымалася на момант
перад зыходам,
як пунсовая зара.