«Брат мой, ведаеш, як прыгожа ў нас дома.
Дзіўная гармонія... Усё існуе як цудоўнае
спалучэнне фарбаў, як гучанне
дзівоснага акорда...»
З пісьма Чурлёніса брату Павіласу
Што за ўсплёскі над домікам?
Квецень?
Хто іграе тваімі рукамі?
На зялёныя клавішы вецер —
лісце майскае —
націскае.
Фарбы бэзу
і фарбы чаромхі
пераходзяць у дзіўныя гукі.
Стане вечным імгненне чароўнае,
за яго ты пойдзеш на мукі...
Тут, над Нёманам,
з дрэва расцеш ты,
дрэва-музыкі,
дрэва-афорту...
Свет, здаецца,у дрэвы адзеты,
дзе суквецці —
малюнкі,
а лісцікі —
ноты...