След слязы
на пажоўклым лістку
нахаванкі
(Ты помніш, Айчына?..).
...Белы сад пацямнеў:
на галінках вуглі —
не суквецці —
плывуць прад вачыма...
Ты знямела,
бабуля мая...
— Кот-ра!..
Кот-ра!..—
гукала зязюля.
Ты не чула...
Упала слязіна твая —
апякла той лісток,
нібы куля.
Засвістаў і салоўка —
суцешыць хацеў:
несуцешныя трэлі выводзіць...
— А мой жа ты,
сын-ку!..—
твой плач паляцеў
у мой свет,
у мой дзень,
у гады,
у стагоддзі...