Сняжынкі...
Ці водсветы зорак
над лутам
крушынна-ажынавым?
Пранізана дзіўным узорам
душа —
перасветам сняжынак.
Над лесам,
над поймай,
над полем
гады пунсавеюць калінай.
Зямля нас трымае ў прыполе,
як маці ў зажынкі
калісьці...
Ды вось гэта вешчае:
«Хопіць!» —
Вунь неба само — парашут...
Адчайна гайдайце душу,
сняжынак раскрыленых стропы.
Бо толькі ў палёце мы —
людзі,
усе мы кіруем да зор...
Зямлю ж,
як маці,
мы любім —
ў хусцінцы з блакіту
азёр.