Снежань...
Пярэдадзень Новага года.
А сонца з-за хмар,
як пальцамі,
промнямі кратае клубні.
Сумелася сонца:
не верыць —
ажно пацяпнулася...
Барозны-маршчыны ў промнях
яснеюць.
...Я сам сябе адчуваю
істотай касмічнай
на гэтай стаптанай маленствам
зямлі:
іду па гравійцы,
як па сцяжыне далёкай планеты,
туды,
дзе людзі,
нібыта прышэльцы,
перакопваюць поле бульбянае...