Бухенвальд — літаральна букавы лес.
З нямецкай
Я быў у тым букавым лесе,
дакладней — у пекле:
ён на вайне, нібыта ў вайну...
Я чую плач немы:
дзіця адбіраюць у Тэклі.
І яно, немаўля,
ці мае віну?
Вядуць падстрыгаць
і Вука,
і Домну —
маўляў, на шпацыр іх павядуць.
І можа,
Эдзіт,
ты паедзеш дадому? —
так блізенька Францыя —
вокам зірнуць!
Не далей і Польшча...
І можа, ты,
Лешак,
апошні раз цягнеш
конны драпак...
І будзеш ізноў сярод родных алешын
засейваць зямельку,
саджаць і капаць?
І ты,
немецкі Ёган, асветнік,—
тут побач жа
Гётэ і Шылер
жылі...
Няўжо яшчэ будзе час і для ведаў? —
ты верыш у гэта,
як вераць зямлі.
...Бухенвальдскі набат
б'е кувалдай у скроні:
«Ніколі!
Ніколі!
Ні заўтра,
ні сёння!..»
Кладзецца на сэрца
боль глыбаю-каменем:
«Згарэлі,
згарэлі мы ў газавай камеры...»
І думка маланкай сягае праз час:
цяпер на Зямлі —
мегатонны запас!..
Спыніцеся,
людзі!
Пакуль не позна...
Бо ўсё ў невядомасці кане,
калі стане
Зямля
газавай
камерай...