Прабач мне,
што буду пытацца,
а адказваць не буду,
бо гэтыя ліпы і елкі
даўно расказалі табе
пра век мой,
такі не падобны на твой...
Яны — два суседзі,
якім не змірыцца ніколі,
яны — як «прыказчыка дом»
і «дом няні» тваёй...
Прабач мне,
што буду пытацца...
Пытацца ў шыпшыны, травінкі, лістоты,
Ганібалаўскіх дрэў,
што ў неба ўраслі...
Пытацца ў дзівосных азёраў —
Кучане,
Маленец,
вячыста-крыштальнай Сораці-рэчкі...
у далін, лагчын і ўзгоркаў,
«Адзінокага дуба» з гнёздамі чапляў,
і стройнай «алеі Керн»...
Пытацца ў стала, чарніліцы з абмакнутым
гусіным пяром,
ва ўсіх хатніх рэчаў бабулі Арыны,
як звон, прыцягальных...
Урэшце, пытацца ў гэтай «райскай ссылкі»:
— Ну як не магла ўратаваць
ненароджаных столькі шэдэўраў для нас?
Ну як магла,
душу ўвабраўшы тваю да астатку,
сэрца аддаць тваё
ў Пецярбург
на дуэль?!.