На тэлеэкране —
усмешка Саманты:
застыла, як сонца ў вадзе.
Дзяўчынка-лілея,
сама ты
ці думала аб бядзе?
Што думкі твае былі —
ведаю гэта —
не пра джынсы, дыска ці долар...
Ты ўсмешкай сваёй асвятляла планету,
на што прэзідэнт ваш
ніколі не здольны...
Пагрозліва век наш
цэліцца зверху —
нейтронны,
касмічны,
крылатаракетны...
А сэрца дзяўчынкі прагла даверу,
які б паяднаў усе кантыненты,
людзей,
што жывуць у Нью-Йорку і Рыме
і ў вёсцы маёй, дзе лясы і палі.
Каб так сябраваць вам, людзі,
бы ў Крыме,
там, у Артэку, дзецям Зямлі.
Выйшла дзяўчынка з жыццёвага віру,
дзе яшчэ многа зла і маны.
Ляціць яе ўсмешка
голубам міру
па-над планетай
і зданню вайны.