Два ветэраны —
на ўсю вёску:
а медалі —
нібы званы
па тых,
чый цень і адгалосак
усё ідуць дамоў з вайны...
О дзядзька Саша
і Мікола!..
Бязрукі — ты...
Бязногі — ён...
Свет пакаціўся б, нібы кола,
у бездань пракаветных дзён...
Жыццю з жыццём — не размінуцца!
Вы смерці
посах не далі.
Да вас завейны дзень мінулы
прыходзіць часта ў шынялі.
І вы з пагоднымі вачамі,
такія ж, як здавён былі,
стаіце ў цэнтры між сяльчанаў,
нібыта ў цэнтры ўсёй Зямлі.