Асыпаліся каноплямі слёзы
на траву-мураву —
плакала бяздзетная
бяздомніца:
«Пры кім я веку дажыву?..»
Птахі з пташкамі ладзілі гнёзды,
а яна — у садку:
«І ўдава —
не ўдава...
Адзінокай кукуй...»
Адляталі дзеці з птушкамі ў вырай,
а яна — на суку:
«Маці,
родная маці...
А без дзетак вякуй...»
Чулі людзі плач той —
куванне,
хтосьці мовіў тады:
«Гэта шэрая лічыць,
шкадуе чыесьці гады...»
...Так гады
і гадуе
кожнай весняй парой.
А ўпаўшыя слёзы зязюлі
вырастаюць зёлкай-травой.