Жыты ў валошках і рамонках...
Дубровы... Ландышы ў расе...
Спеў, перагуд, зямлі гамонку
Насустрач вецер мне нясе.
Душа ў бацькоўскім гойным краі
спрабуе крылы буслянём...
Я за падманным гнаўся раем,
нібыта выгнаны анёл.
Сачыў з'яўленне сіняй птушкі,
а ўсё кугала мне сава...
Валошку ў жыце вецер гушкаў,
ажно — хмялела галава.
Валошка?
Не, не папракніце:
яе забыць —
забыць і край...
Спасцігнуў я:
у спелым жыце
расой блішчыць
твой пот,
ратай.
Я зразумеў:
на солі ўсходзіць
надзея кожная твая.
І ў навальнічна-жніўным годзе
ты сэрцам чуеш салаўя.