Жыву пустэльнікам між лесу
ў чаканні,
як маланка,
што вось-вось выблісне
з кудлатых хмар...
Ударыў пярун...
Маланка ці мой ровар
імчыць у бок Заслаўя?
Пагоркі тыя ж,
што і пры Рагнедзе...
Дарогу козы пераходзяць
з поўным вымем.
Пастух стары...
Рагожа...
— Адкуль?
Як ваша імя? —
пытаю...
Стральнуў з-пад броў,
нібы стралою з лука...
і бачу:
ён ляціць,
той позірк,
да белай камяніцы,
што на гары мястэчка...
Зірнуў —
працяў вякі пастух..
А козы,
як тады,
ідуць,
ідуць
з напятым вымем...