epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Адпачылі

Шурачка, глядзі, хто да нас прыйшоў! Сцяпан... Якая дакладнасць! Дамовіліся ў сем раніцы — і ён тут як тут. Ты даруй, мы са сваёй Аляксандрай Пятроўнай заспалі нешта... У нядзелю так соладка спіцца, о-ох! Яшчэ нават не снедалі. Чакай, а што ты стаіш на парозе? Скідай, скідай свой рукзак, пастаў у кут вуды, і хутчэй сюды, пакуль свінінка на патэльні гарачая. Паспеем яшчэ на ўлонне прыроды... А цешча ў мяне малайчына, бачыш, якіх бліноў напякла? Такіх ты, мусіць, яшчэ нідзе не еў... Матуля, а матуля, дзе вы? Нясіце нам графінчык! Ты... не п’еш, хлопец? Шурачка, няўжо гэта я некалі быў такім маладым-зялёным? Ха-ха!.. Дзівак чалавек. Мы ж з табой не так часта сустракаемся... Ну, не дуры, давай чокнемся... Не,

Сцяпан, так справа не пойдзе! Не паважаеш мяне, дык хоць паважай Шурачку і цешчу... За нашых савецкіх жанчын! А-а, тое ж і яно! За іх сорамна не выпіць. Закусвай... Каньячок — што трэба, вытрыманы. Ведаеш, мы ўчора ўвесь вечар прагаварылі з жонкай, як правядзём гэты выхадны на рацэ... Там і лес ёсць, кажаш? Выдатна! Паверыш, я ўжо і не памятаю, калі, у якім годзе на ўлонні прыроды адпачываў... Усё не выберу часу, усё ў гэтых чатырох сценах сядзіш. Але... хопіць. З сённяшняга дня кожную нядзелю — за горад. Спакусіў ты мяне сваімі расказамі... Шурачка, уяўляеш, якая прыгажосць там? Уяўляеш, як прыемна ля агню ў лесе, на стромкім беразе нашага Сажа? З ракі цябе ветрыкам халодненькім абвявае, з лесу — пах хвоі, а пад носам юшка з яршоў водар пускае... Цудоўна! Не, за гэта варта выпіць... Сцяпан, не будзь бабай! Выпі, каму кажу... Лепш кляваць будзе. Не хочаш, як хочаш. Не ўмею ўгаворваць. Не п’еш — тады не крыўдуй, мы з Шурачкай... Фу-у, і хто толькі каньяк гэты п’е? Дык ты кажаш, што камары там не вельмі непакояць? Не хлусіш, Сцяпан? Ну, глядзі... Я іх, паганцаў, во як не цярплю. Пікіруюць над самым вухам — з-зы, з-зы! А потым пачнуць джыгаць — ніякага ратунку! І агонь твой, Сцяпан, не дапаможа... Ну, давай яшчэ па маленькай. Пайшло! Адчуваеш, Шурачка, усё цела наліваецца прыемным цяплом... Добры каньячок! Далібог, і дома можна выдатна правесці час. Што, трэба ісці ўжо? На цеплаход спознімся? Нічога, другім рэйсам паплывём... А дзе гэта наша матуля? Ма-ту-ля, дзе вы? Яшчэ нам графінчык... Вось так. Дзякуй. Зараз мы яго, міленькага. Выхадны, Сцёпа, для таго і даецца працоўнаму, каб па-людску адпачыць... Сцёпушка, ты куды? Пачакай, давай спяём... Не хочаш? Ну, ідзі, ідзі. І я... пайду... спаць.

1961


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан