epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Апошні дзень

Усе, каму даводзілася сустракацца і размаўляць з Яўменам Яўменавічам тым днём, не пазнавалі яго. З выгляду гэта быў той жа дырэктар нашай навуковай установы: прысадзісты, самавіты, з вялізным грушападобным носам на шырокім твары і маленькай, як не ў жменю, рыжай бародкай, якая ганарліва тырчала над салідным жыватом і выклікала павагу... І той жа сіні касцюм пяцьдзесят шостага памеру быў на ім, і звыклы нам чырвоны гальштук. Ён крочыў па калідоры, як заўсёды, спаважна, заклаўшы рукі за спіну.

Але прыбіральшчыца цётка Проня першая заўважыла незвычайную дэталь: дырэктар на працу ў такі ранні час ніколі не прыходзіў. Далей, як яна пазней расказвала, вочы Яўмена Яўменавіча былі сумныя-сумныя, нібы ён ужо развітваўся з жыццём... І, што самае незразумелае, спыніўся каля яе, паздароўкаўся за руку (гэта з ёй, сам!) і нават спытаў, у якім навуковым аддзеле яна працуе... Ну, безумоўна, цётка Проня спачатку здзівілася, потым збянтэжылася, нешта хацела сказаць, ды так нічога і не сказала. Толькі паспяшалася за ім у кабінет, каб прыбраць, але дырэктар замкнуў дзверы.

Другі аўтарытэтны сведка, дзевятнаццацігадовая сакратарка Люся,— пра гэта яна таксама ўспомніла пазней — некалькі разоў спрабавала прабрацца ў кабінет шэфа, але безвынікова: голасам хворага ён прасіў пакінуць яго ў спакоі... Калі ж, нарэшце, з’явіўся ў прыёмнай, твар у яго быў бледны і пакутлівы. І Люся тут жа западозрыла благое.

Але самае дзіўнае было наперадзе: дырэктар заходзіў у кабінеты... Заходзіў і ласкава вітаўся з кожным (а мы дагэтуль былі перакананы, што ён ганарлівы!). Гутарыў з супрацоўнікамі, распытваў, над якімі навуковымі праблемамі яны працуюць. Праўда, хваліцца асабліва не было чым — многія з нас і праблемы тыя забылі. Было няёмка... Ды выручыў усіх малодшы навуковы супрацоўнік Жаўтляк, твар якога падаўся дырэктару надта знаёмы. Разгаварыліся. Прыгадалі. Аказалася, што яны пазнаёміліся дзесяць год назад: якраз Жаўтляк паказваў маладому дырэктару, дзе знаходзіцца яго кабінет. Так і не давялося ім больш размаўляць... Жорсткі, няўмольны час! Яўмен Яўменавіч цяжка ўздыхнуў. І тады зноў усе звярнулі ўвагу на пакутлівыя дырэктарскія вочы: у іх быў невыказны сум...

Вестка аб дзіўных паводзінах дырэктара разнеслася ва ўстанове з хуткасцю маланкі. Супрацоўнікі з вялікім стажам працы ў адзін голас сцвярджалі: за ўсе гады такім ласкавым, таварыскім ён ніколі не быў. Нешта адбывалася з ім неверагоднае. Сакратарка не знаходзіла сабе месца, асабліва пасля таго, як Яўмен Яўменавіч нечакана прачытаў ёй журботныя ясенінскія вершы.

Трывога і разгубленасць ахапілі калектыў. Ужо канчаўся рабочы дзень, але Яўмен Яўменавіч (чаго таксама ніколі не было) заставаўся ў сваім кабінеце. Усхваляваныя, мы стоўпіліся каля прыёмнай. Усе былі перакананы: без «хуткай дапамогі» не абысціся. І калі дзверы ў калідор раптам расчыніліся, перад намі з’явілася ўзрушаная Люся, сумненні канчаткова зніклі: з дырэктарам — дрэнна! Нашы позіркі патрабавальна ўпіліся ў Люсін скрыўлены твар. Яна — маўчала. Нехта прапанаваў выклікаць «хуткую дапамогу»... І тады, сабраўшы апошнія сілы, Люся ціха сказала:

— Не трэба ніякай ужо дапамогі... Няма ў нас дырэктара... Няма...

Мы акамянелі: вось яно, збылося страшнае прадчуванне! Ашаломленыя жанчыны войкнулі:

— Што... з ім?

— Звольнілі...

Усе з палёгкай уздыхнулі: дзякуй богу, ніякай трагедыі не адбылося.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан