epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Артыст

Гучны рогат разносіўся па доме... Часам ён перабіваўся вясёлымі воклічамі:

— Ну, вы глядзіце, вы глядзіце, што вытварае гэты артыст... Жывая сатыра, на сцэну яго!..

— Ох, не кажыце: жы-во-от падарвеш ад смеху!

Два мужчыны — важны госць-начальнік з вобласці і гаспадар дома Іван Шызы — стаялі пасярод пакоя і са слязьмі на вачах назіралі за чатырохгадовым хлапчуком.

— Перастань, Толік, перастань, сынок... О-ох-хо-хо-хо!

А хлопчык, падахвочаны ўвагай дарослых, яшчэ старанней перадаваў паходку п’янага: ён паволі ступаў, раскінуўшы рукі, хістаўся на сваіх тоўстых кароткіх ножках, падаў...

— Ах, каб ты скіс! Па-аце-ха,— схапіўшыся за жывот, шчыра рагатаў Іван Шызы.— Жонка, ды ідзі ж ты сюды... Зірні на нашага артыста...

У пакой увайшла хударлявая жанчына з хмурым тварам. Яна неяк стрымана ўсміхнулася і кінула хуткі заклапочаны позірк на хлопчыка.

Але, захапіўшыся гульнёй, той нічога не заўважаў навокал. Цяпер ён смешна поўз на карачках, безнадзейна спрабуючы ўстаць, круціў галавой і прытворна стагнаў...

— Талент! Шчэпкін! — задыхаючыся ад смеху, гаварыў Іван Шызы госцю.— Ведаеце, у мяне нават думка такая: вось калі здарыцца лекцыю аб шкодзе алкаголю чытаць, дык я і яго пакажу... Здорава, а?

— Цудоўна, цудоўна,— выціраючы вясёлыя слёзы, ківаў галавою госць.— Таленавіта, чорт вазьмі... Але ж... недзе ён бачыў такога, прабачце, п’яніцу?

— Безумоўна бачыў,— падхапіў Іван Шызы.— Тут у нас лесарубаў панаехала... Страшэнныя п’яніцы! Нажлукціцца другі і вытварае немаведама што... А моладзь — пераймае. Дурное яно, ведаеце... Сынок! Ты дзядзьку такога бачыў?

Хлопчык з мінуту нерашуча пазіраў на дарослых.

— Бачыў,— тоненькім галаском прапеў ён.— Толькі гэта не дзядзька быў...

— А хто, сынок, хто? Выкрывай лайдака!

Усе трое схіліліся над хлопчыкам, з нецярплівасцю чакаючы, што той скажа. Іван Шызы, замілавана пазіраючы на сына, ласкава падганяў:

— Ну, што ж ты саромеешся... Кажы хутчэй — каго ты бачыў... п’яным?

— Цябе, татка!

1969


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан