epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Боль

Некалі хлапчуком, няўрымслівы і цікаўны, я з пакутлівай настойлівасцю спрабаваў уявіць сабе смерць: клаўся на траву, моцна заплюшчваў вочы і, спішыўшыся, амаль не дыхаючы, заціснуўшы пальцамі вушы, лічыў ужо, што памёр. Гэты момант доўжыўся ўсяго нейкія хвіліны: я ляцеў у чорную бездань... Але самаадчуванне было такім жудасным, што ў тое ж імгненне я імкліва ўскокваў з зямлі і бег, бег куды вочы глядзяць, аж пакуль не спатыкаўся. Тады я спыняўся, няўцямна ўнурыўшыся на востры камень, які задзірліва блішчаў на сонцы, на збіты да крыві палец... І — дзіва! Замест таго каб плакаць ад болю, я пачынаў скакаць на адной назе, радасна круціў галавой ва ўсе бакі, бачыў белы ад квецені вішняк, бліскучую стужку ракі за выганам, блакіт майскага неба, прагна, на поўныя грудзі, хапаў духмянае паветра і, шчасліва смеючыся, крычаў:

— Я жывы, жывы, жывы! Ого-го-го...

Мабыць, больш востра, як тады, я ніколі не адчуваў гэтага брыдкага стану небыцця, хоць непазбежную, страшэнную сутнасць смерці спасціг толькі ў сталым узросце.

Памятаю кароткую, усяго ў тры словы, тэлеграму — яе прынеслі мне яшчэ ў студэнцкі інтэрнат: прыязджай, памёр бацька. Цяжка, немагчыма перадаць бясконцае шкадаванне і невыказную скруху, якія агарнулі мяне.

Потым, ужо дома, даведаўся: бацька ні на хвіліну не верыў, што памрэ. Змагаўся са смяртэльнай хваробай з апошніх сіл. І тады, калі хвароба ненадоўга адпускала яго, ледзь апрытомнеўшы, усміхаўся маці запалымі вачамі і гарачымі, сухімі вуснамі пераможна шаптаў:

«А я жывы... жывы-ы...»

1980


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан