epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Бывай, кампанія!

Амаль дэтэктыў

 

Пытаецеся, як я ад кампаніі адбіўся? О, гэта цэлая гісторыя. Слухайце, калі час ёсць. Стаім мы аднойчы пасля рабочай змены каля фабрычнай прахадной: я, Сямён Макарчык і Яшка Беленькі. Цямнее, дожджык асенні імжыць, холадна... Хутчэй бы ўжо куды ў цёпленькае прытуліцца ды... пагрэцца шклянкай-другой. Стаім сабе, разважаем, куды пайсці. Ужо і кішэні павытрасалі, нашкраблі сёе-тое... І раптам пад самы нос чорная «Волга» падкатвае — новенькая, аж ззяе, коламі тымі шыпіць, як якая змяя: ш-ш-ш... Высоўваецца з яе кудлатая галава на тонкай шыйцы і пытаецца пісклявым галаском:

— Хто тут Цімох Цімохавіч Сіняносаў? Здаецца, вы? Тады прашу ў машыну.

Адкуль, хто такая — ліха яе ведае. Адно — жанчынка маладая, прыгожая. Дзверцы адчыніла, чакае. Патрабавальна так гаворыць. Разважаць няма калі. Я здуру і сеў. Толькі потым, у дарозе, падумаў: адкуль ведае маё прозвішча гэтая незнаёмая чараўніца?.. І як найшло тут на мяне — жах! Аж дрыжаць пачаў... Што вы думаеце, жартачкі? А раптам падаслалі яе жулікі, адвязе куды-небудзь за горад, а там распрануць, абрабуюць і... кокнуць. Быў Сіняносаў — няма Сіняносава. Ды, разважыўшы, ледзьве сам не рассмяяўся: якая карысць ім з бруднай спяцоўкі ды сарака капеек медзякамі? Э, не, нешта іншае ў яе галаве... Можа, мяркую, у выцвярэзнік вязе? Дык пакуль жа не возяць нашага брата ў такіх шыкоўных машынах ды яшчэ такія прыгажуні. Карацей, не ведаю нават, што і думаць. Галава з учарашняга трашчыць, на душы трывожна... А тут яшчэ прыкмячаю: вязе яна мяне не па цэнтральнай вуліцы, а ўсё цёмнымі завулкамі, нібыта баіцца, каб нас не заўважылі. І раптам як варам мяне абдало. А што, калі гэта нейкая замежная дыпламатка, шпіёнка?! Дзякуй богу, начытаўся я літаратуры, ведаю, як яны вярбуюць... Падашлюць вось такую красуню — сёе-тое, шалды-балды, і вокам не міргнеш, як трапіш у яе рукі! Але кукіш з маслам, трасцу ты мяне завярбуеш, фрэйлін!..

Падкідвае яна да самага дому, гэтак ветлівенька жадае мне спакойнай ночы і, як дух святы, знікае.

Не паспяваю я ўзняцца ў ліфце на свой сёмы паверх — жонка сустракае на лесвічнай пляцоўцы. Ніколі чамусьці раней не сустракала... Ну, думаю, заўважыла ў акно, як тая фрэйлін мяне высаджвала, будзе на абаранкі!

— Сёння ты, Цімоша, пабіў усе рэкорды,— кажа нечакана лагодным голасам і неяк загадкава ўсміхаецца.

— Якія яшчэ рэкорды? Ледзьве да нормы дацягнуў...

— Ды не аб працы я, дзівак! Я пра іншае. Ніколі ты так рана не вяртаўся дахаты.

Ці не выпытвае яна?

— А-а, вось ты пра што,— кажу, хітранька хаваючы вочы,— проста мне пашанцавала... Падвезлі... Знаёмы адзін... трапіўся.

Але самі разумееце: ад жонкі нічога не схаваеш... Ужо ноччу выклаў ёй усё як ёсць. І пра свае падазрэнні. Вось пайду, кажу, заўтра і заяўлю куды трэба. Ды жонка не раіць: «Ты не спяшайся, Цімоша. Прыгледзься спачатку лепш да сваёй дабрадзейкі». Гаворыць так, нібы не разумее ўсёй небяспекі...

Ну, а назаўтра паўтараецца ўсё спачатку. Як па пісаным. Толькі сабраўся я ў фабрычнае кафэ зазірнуць з хлопцамі, а чорная «Волга» тут як тут.

— Цімох Цімохавіч, прашу!

Што, думаеце, не сеў у машыну? Збаяўся? Не! Улез. Хоць, праўду кажучы, змагаліся ва мне гэтыя два пачуцці: страх і прагная цікавасць... У рэшце рэшт, можа, вялікую дзяржаўную справу зраблю — дапамагу выявіць і абясшкодзіць цэлае асінае гняздо! Потым яшчэ пісаць пра мяне будуць...

Мроіцца мне так рознае, і зноў я не заўважаю, як ля самага нашага дома тармозіць прыгажуня.

— І чаго вы такі маўклівы, дзядзечка? Мо на рабоце што не так? Дарэчы, што вы там робіце, на прадпрыемстве... Якую прадукцыю выпускаеце?

Дык вось навошта я табе спатрэбіўся! Ужо выведваеш пра прадукцыю, потым нечым яшчэ пацікавішся... Дудкі... Хоць мы і выпускаем дзіцячыя крэселкі, але ты, вядзьмарка, нічога ад мяне не пачуеш!

Зрабіў выгляд, што не чуў яе пытання, падзякаваў за паслугу і — дай бог ногі! Забыўся і пра ліфт, і пра колікі ў сэрцы. Хуценька ўзбег на свой сёмы: не да жартачкаў, раптам, хаваючы сляды, яшчэ пальне ў спіну з гэтага... бязгучнага пісталета!

А жонка, замест спачування, кпіць з парога:

— Як там твой шпіён, не закахаўся яшчэ?

— Ты што, жартуеш?! Сораму няма! — злуюся на жонку.— Можа, твайму мужу з жыццём давядзецца развітацца...

Ноч не сплю, пакутую. І другую, і трэцюю. Ці да сну тут? А яна ж, па-ранейшаму прыязджае роўненька пасля змены, забірае і вязе дамоў. Сябры таксама дзівяцца. Нічагусенькі не ведаюць. Хіба ім скажаш праўду? Яны ўжо нават падазрона пачалі паглядваць на мяне, цурацца мяне сталі.

Я ж пакутую — не дай божа нікому... Ноччу кашмары даймаюць. Нервы разышліся — ніякага паратунку... Сорамна казаць, але ўсё мне здаецца, што стаіць нехта за спіной і пільнуе, сочыць за мной.

Не памятаю, на які там дзень ужо везла яна мяне з работы ды зноў пра прадукцыю, пра гэтыя праклятыя крэселцы загаварыла: падгледзела-такі, калі вывозілі з фабрыкі! Не вытрымаў я, як зараву з усяе моцы:

— Спыніце машыну!

Не даў апамятацца вядзьмарцы, выкуліўся на тратуар і прыпусціў па вуліцы... У галаве — адна думка: хутчэй ускочыць у сваю кватэру, зачыніцца ды пазваніць у міліцыю.

Узмакрэлы ўвесь, як з той лазні, сяк-так дабег, дабраўся да сваёй дамоўкі, адчыняю дзверы — валасы на галаве дыбам: стаіць, стаіць... яна! Ужо на кватэру прабралася... Яшчэ абдымаецца, прытворніца, з жонкай, рагочуць... А я як не крычу жонцы: «Што робіш, з кім абдымаешся?!» Кінуўся было да тэлефона, ды жонка за руку ўчапілася:

— Супакойся, дурны, супакойся! Не хвалюйся! Гэта ж сваячка мая — тая, з Сібіры... Вунь якая дзеўка вырасла! Прыехала ды жыве ў маёй сястры. Ідзі ж хоць падзякуй яе за дарожныя паслугі!

Я, вядома, мусіў дзякаваць за машыну. Жонка дзякавала за мяне — сваячка ж адвучыла ад кампаніі...

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан