epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Чарнічка

Алеська з выгляду вельмі дробненькая — нібы нейкая пяцікласніца, нібы зусім і не дарослы чалавек. Не адразу разбярэшся... На вуліцы, хто яе не ведае, так і клічуць: «Дзяўчынка!» А сяброўкі празвалі жартоўна — «чарнічка». Гэта ж у яе сінявата-чорныя валасы. І бровы такія, і вочы, і твар чарнявы, як у той паўднёвай жыхаркі. А родам жа дзяўчына з палескай вёскі. Можна было б назваць Алеську яшчэ і весялухай, бо заўсёды на яе ружовых вільготных вуснах блукала ўсмешка. Здаецца, прыкмеціла дзяўчо сабе нешта вясёлае і вось-вось не вытрымае, звонка, радасна засмяецца...

Яна і смяецца так шчыра. І не кожная сяброўка заўважыць, як часам недзе ў глыбіні яе жывых вачэй, пад густымі вейкамі, хаваецца і журбота, і незадаволенасць сабой. Вось як сёння. Раніца, а ва ўсім рабочым інтэрнаце нікога ўжо няма. Дзяўчаты, вольныя ад працы, разбегліся па вясновых вуліцах вялікага шумлівага горада. Пайшлі некуды і Вера з Зінай. Таропка збіраліся: вунь пакінулі на падаконніку ўсю сваю гаспадарку — флакончыкі з духамі, грабянцы, памаду, пакідалі на ложках плечыкі з-пад модных сукенак. А вось Алеська ўсё сядзіць за гэтым сталом, бы прыкутая, абклалася кнігамі і піша колькі ўжо гадзін. Зусім як у Маякоўскага: «...а здесь — не знай ни зим, ни лет, сиди, рисуй плакаты...» Толькі ж не плакатамі займаецца, а курсавымі работамі. Завочніцы яны з Зінай: машынабудаўнікі... Ледзьве сваю закончыла, за Зініну курсавую ўзялася. Угаварыла памагчы, хітруха! Калі б прасіла Веру памагчы, тая, пэўна, адмовіла б. А вось у Алеські іншы характар. Шкадуе яна ўсіх. І Зіну шкадуе: каханне ў яе.

Можа, і не зусім пяшчотнае каханне, можа, памыляецца Алеська, але ж ходзіць хлопец, ходзіць гэты Андрэй да іх.

Ціхенька ўздыхае Алеська. Падабаецца і ёй Андрэй. Добры ён, зямляк Зінін: іх, казала, нават у камсамол разам прымалі. А цяпер вось служыць. Яфрэйтар ужо. Як толькі выхадны — у інтэрнат шыбуе. Праўда, іншых хлопцаў строгая вахцёрка цётка Клава не дужа пускае: нельга, і ўся тут размова. Пасадзіць у вестыбюлі, чакайце. І тыя пакорліва чакаюць. Ды яшчэ лекцыю слухаюць, як паводзіць сябе ў жаночым інтэрнаце, як дзяўчат паважаць: нікуды не дзенешся. Добра, што хоць ганцоў на паверхі пасылае. Затое Андрэй нібы знайшоў патаемную сцяжынку да сэрца старой: ніколі не затрымлівае яго. А можа, разгадка тут простая: цётчын жа ўнук таксама ў арміі...

Зойдзе Андрэй да дзяўчат у пакой, прымосціцца ў кутку, пакладзе на калені свае вялікія рукі, прыжмурыць вочы і, сарамліва ўсміхаючыся, пазірае задаволена, як знарок сваволяць у яго прысутнасці дзяўчаты, моўчкі слухае, як насміхаюцца адна над адной. І невядома, колькі ён так моўчкі можа сядзець. Ды Зіна раптам спахопіцца: «Пайшлі ў кінатэатр!» — і тады Андрэй устане — такі высачэзны, пад самую столь! — акуратна зашпіліць свой шынель, уздыхне, спахмурнеўшы, нібы вельмі не хочацца пакідаць яму гэты куточак, і пачне развітвацца. Падыдзе да Веры і да яе, Алеські. І Алеська ўжо чамусьці не можа пазіраць Андрэю ў твар, схавае сваю далоньку ў яго гарачай руцэ і, схіліўшы галаву, толькі чуе Андрэеў мяккі ласкавы голас:

— Хочаш, я яшчэ адну табе цікавую кнігу прынясу... Прынесці?

Часам знікнуць Зіна з Андрэем, пойдзе Вера на трэніроўку ў Палац спорту, застанецца Алеська адна.

І так зробіцца ёй крыўдна, і так пачне яна сябе шкадаваць і дакараць невядома за што, што нават слёзы пабягуць па шчоках. Не, ніколі не зайздросціць сяброўкам, ні ў чым не зайздросціць — няхай Веру, лепшую спартсменку цэха, паказваюць па тэлебачанні, няхай Андрэй захапляецца Зінай... Няхай! Яны — вясёлыя, прыгожыя, дасціпныя, а Алеська — так сабе. І ніхто ніколі, відаць, не зверне на яе ўвагі. Надумаецца гэтак, не вытрымае самоты, пабяжыць да цёткі Клавы пагутарыць. І пагутарыць, і выкладзе ёй свае ўсе сумненні, не схавае пачуццяў. І адразу адчуе палёгку ад паблажлівага сіпаватага смяшка жанчыны, якая ўсё разумее, усё на свеце ведае і супакоіць адным простым, але такім цудадзейным словам: мінецца...

Клапатліва паклаўшы сшытак з Зінінай курсавой у яе тумбачку, зірнуўшы ў акно на залітую сонцам вуліцу, Алеська і на гэты раз спяшаецца ўніз да цёткі Клавы адвесці душу. «Маці,— скажа яна ёй, як звычайна,— маці, хачу нештачка табе сказаць...»

Адчуваючы лёгкую стому, паволі спускаецца Алеся на лесвіцы ўніз. І думкі яе круцяцца вакол сваіх вялікіх і маленькіх клопатаў: пра завод, пра сябровак, пра пісьмо ад бацькоў, якое, магчыма, чакае яе ў агульнай паштовай скрынцы ў вестыбюлі.

Але, апынуўшыся ўнізе, Алеська раптам спыняецца ад нечаканасці. Нехта вельмі знаёмым голасам ветліва просіць дазволу прайсці ў іх пакой.

— Кажу табе яшчэ раз: Зіны няма, салдат, пайшла гуляць.

— Дык я не да яе, я ж да Алесі... разумееце?

Алеська бачыць з лесвічнай пляцоўкі, як цётка Клава здзіўлена падымае вочы на Андрэя, пазірае на яго руку, якая асцярожна трымае маленькі букет першых пралесак, і паступова з яе жоўтага, у зморшчынках твару сыходзіць выраз суровасці, і ён, хітраваты, робіцца надта добрым, лагодна-зычлівым.

— Ну, што з табой зробіш, салдат. Ідзі, ідзі ўжо...

Алеська не памятае, як узбягае на пяты паверх.

Ускочыўшы ў пакой, кідаецца да люстра, нешта робіць са сваімі косамі, затым спяшаецца да стала, на якім раскіданы кнігі, грукае шуфлядкай шафы і — замірае... Так і стаіць, усхвалявана абхапіўшы рукамі свае гарачыя шчокі. І калі чуе за дзвярамі знаёмыя, нерашучыя крокі, у яе ўжо не стае сілы ісці насустрач госцю. Упершыню Алесі здаецца, што яна сапраўды малюсенькая-малюсенькая, як тая празяблая за ноч чарнічка ў вялікім лесе, якую вось-вось сагрэюць, прабіўшы густое лісце дрэў, цёплыя промні ранішняга сонца.

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан