epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Чорт

Адкуль, цікавіцеся, гэтае ў мяне чарцяня на ветравым шкле? Ад пасажыра... Падарунак не падарунак, а так, круціцца перад вачамі лялька як напамінак пра адну гісторыю. Таксісту рознае даводзіцца назіраць... Хочаце — раскажу.

Увесну неяк па выкліку паехаў — у канцы сакавіка, ці што... Снег тады злізала раненька, і сонца таго было навокал — мора! Гэткае яркае ды вясёлае, сапраўднае веснавое сонейка. Душа радуецца... Горад добра ведаю, адразу па адрасе трапіў, затармазіў перад саменькім пад’ездам. Такое ўжо маё правіла: падганяць ледзь не пад дзверы — а раптам там стары, хворы, дзеці... Ды ці мала што. Не брысці ж ім па лужынах праз увесь двор да машыны... І наогул, люблю, калі мной задаволены. Я нават ніколі не сігналю пад вокнамі, не прыспешваю: навошта? Раз выклікалі таксі — марудзіць не будуць, самім час дарагі.

І праўда, гляджу — вось ён, мой кліент, бяжыць да машыны з пад’езда... Зашпільвае на хаду гузікі моднай зялёнай курткі, усміхаецца, бы прабачэння просіць. Гэткі прыгажун — чупрыністы, светлатвары і высокі, нібы каланча... Яны ж, маладыя, цяпер такія рослыя — пазайздросціш!

— Я вас вельмі прашу: пазычце, калі ёсць, малаток і пачакайце хвілінку,— вінавата гаворыць ён мне.

Ну, у чым справа? Просіць чалавек — ніколі не адмоўлю. Характар такі... Знайшоў яму і малаток, і пласкагубцы, на ўсякі выпадак сам следам іду — можа, памагу, хутчэй будзе. А ён усё прабачэння просіць за затрымку, усё «выкае» мне... Ды кінь ты, дарагі, цырымонію сваю, кажу, лепш растлумач толкам, што табе трэба. Аказваецца, не так ужо і многа: забіць цвікі ў сценку... Але ж і не проста! Дужа моцныя сцены ў новых будынках, сам жыву ў такім, ведаю.

Заходзім — у кватэры яшчэ фарбаю пахне. Фарбай і... пірагамі. І тут я ўсё разумею: гасцей чакаюць... Улазіны. Вунь і жоначка яго, таксама бялявая, блакітнавокая, кругленькая, з носікам-гузікам, смешна задзёртым угору, так і ззяе ад радасці і дабрыні — носіцца па хаце, парадак наводзіць, нешта ўсё выцірае, хоць тыя паліраваныя шафы і так люстэркам блішчаць. А дачушка — копія мамуля — круціцца каля акна ў зале, дзе мы гакаем у сценку малатком, вешаем шаўковыя шторы, і з цікавасцю жмурыць на нас свае вачаняты, смяецца, аж заліваецца пры кожным удары, званочак.

— Галка, адыдзі! — злуецца бацька.— Ты перашкаджаеш. Лепш малюнкі свае пашукай — пакажаш дзеду.

— А дзед з барадой?— прыстае няўрымслівая дзяўчынка ўжо да маці.— Скажы: у яго доўгая-доўгая барада, як у Бармалея?

Ну, цяпер ужо канчаткова праясняецца: я павінен прывезці ім дзеда ў госці.

— Супакойся, Галка,— спрабуе злавацца і маці, толькі нічога ў яе з гэтага не выходзіць, усё роўна твар вясёлы ды радасны.— Дзед як дзед. Самы звычайны. Вунь вазьмі картачку на паліцы, паглядзі...

Круціць у руках дзяўчынка пажоўклы здымак, і я кідаю позірк: малады яшчэ на гэтым здымку дзед, выразны твар, лоб шырокі, а вочы пад ім зусім схаваліся ды так адтуль спалохана выглядаюць, нібы дзве шэрыя мышкі-нарушкі. Мабыць, доўга муштраваў нявопытны фатограф.

— Мой бацька,— чамусьці збянтэжана тлумачыць мне гаспадыня.— Галка яшчэ свайго дзеда і не бачыла.

— Бывае,— далікатна спяшаюся закругліць я размову, каб не губляць час,— усё бывае... Але можаце быць упэўнены: дастаўлю вам дзядулю ў поўным парадку. Вось толькі заб’ю гэты паганы цвік... Закляпаў! Цяпер завіце мне сюды гаспадара. Хопіць яму звінець там на кухні бутэлькамі. Хай пакіне свой занятак на вечар. Пара ехаць.

А новыя блакітныя шторы ўжо вісяць на акне, да самай падлогі спускаюцца. І пакой ад іх зусім блакітны. Хораша! Гэтак во далучышся да чужой радасці — і самому прыемна...

Паехалі.

Ды ехаць — пехтурой мо хутчэй, пару якіх кварталаў усяго. Можна і раззлавацца на хлопца: і без яго ад заказчыкаў адбою няма. Толькі ж я не злую, разумею майго пасажыра, відаць, хочацца яму даставіць дамоў цесця з усім камфортам. Як кажуць, не дорага піва, а дорага дзіва... І падкацілі мы па ўсёй форме да будынка, я нават, улічваючы ўрачыстасць моманту, прасігналіў тройчы: вось і мы, сустракайце! Выскачыў з таксі хлопец, просіць пачакаць і ўсё такое, а я яму:

— Не хвалюйся, колькі трэба — столькі пачакаю.

Пабег ён. Знік у пад’ездзе. Не ведаю, на які там яму паверх. Хай бяжыць. Я тым часам перакуру. Вылез з машыны. Ніколі не шкодзіць размяцца. Здараецца, усю змену за баранкай прасядзіш... Ну, пыхкаю сабе цыгарэткай і ўяўляю ўжо, як зараз грымнуць дзверы і выплывуць з пад’езда гэтыя двое — мой хлапчына і які-небудзь таўстун сівы. У абдымку. Як родныя. Далібог, яны, гэтыя старыя, народ дужа пацешны: цягне іх да маладых, як магнітам, шукаюць, мабыць, тое, чаго ў сабе ўжо знайсці не могуць.

Так я разважаю, прагульваюся каля высокіх кустоў бэзу, ды раптам чую — грымнулі дзверы... І ляціць мой хлапец з пад’езда, нібы за ім хто гоніцца.

— А дзед, дзед твой дзе? — пытаюся.— Пачакаем, ці як? Мо апранаецца яшчэ?

— Ды не, не ж! — як не крычыць ён ад крыўды.— Не трэба чакаць гэтага... Паехалі!

Газануў, выскачылі на праспект, пазіраю скоса на хлопца: цікава, што ў іх з тым дзедам здарылася, чаго не падзялілі? Вось табе і булкі... Ужо трэба на яго вуліцу зварочваць — маўчыць, нічагуткі не кажа.

Потым кранае мяне за плячо:

— Давайце яшчэ праедзем...

— Куды?

— Куды хочаце...

Мне што? Катацца дык катацца. Але сам сабе кумекаю: хлопцу не хочацца адразу вяртацца дамоў. Не хапае ў яго смеласці з’явіцца без дзеда. І, нібы чытаючы гэтыя мае думкі, ён мне раптам гаворыць:

— Што рабіць — розуму не дабяру. Вы не ведаеце маёй жонкі. Яна так чакала гэтага дня: атрымаць новую кватэру і запрасіць бацьку. Даведалася, што ён па дарозе з курорта заедзе да сваёй сястры — усе мне вушы пратрубіла: як сустрэнем, ды што купім, ды якіх гасцей запросім... Колькі той мэблі навезлі! Вы ж бачылі... Хай, кажа, паглядзіць бацька, як жывём! І ўсё яму даравала: і тое, што некалі кінуў яе з хворай маці і што ніколі не памагаў — нават калі вучылася. Ну, вось... А цяпер што выходзіць? Запрасіў у госці — адмаўляецца, маўляў, няма часу, вяртацца тэрмінова трэба, чакаюць на працы. Ды які ён пасля гэтага бацька, які ўвогуле чалавек?

Верыце, столькі горычы, столькі гневу ў хлопца на твары, што і мне міжволі перадалося яго абурэнне, і з маіх вуснаў гатовы былі сарвацца зневажальныя словы ў адрас «дзеда». Але хіба словамі паможаш? Хіба паможаш тым дзвюм блакітнавокім, якім так хочацца мець бацьку і дзеда — роднага, блізкага чалавека, якія і думкі не дапускаюць, што ашукваюць свае даверлівыя душы? О, я добра ведаю гэты сум па бацьку! Колькі мне было ў вайну? Ну, ад сілы, гадоў восем... Усяго нацярпеліся, усяго хапіла. Але аб ім, бацьку, увесь час думалі. І тады, калі вакол стралялі, калі ад жаху скрозь зямлю хацелася праваліцца, і тады, калі было ўжо ціха. Не вярнуўся бацька... Колькі з вайны часу прайшло, а прыгадаю — ледзь не плачу...

Уявіў я сабе, як вернецца хлопец дамоў і раскажа аб усім, і вочы жыццярадаснай жанчынкі затуманяць слёзы... І ніхто ўжо — ніякія там сябры, ні знаёмыя, што прыйдуць на наваселле,— не пагасяць на яе твары глыбокага смутку. Параіў хлопцу:

— Ты не кажы жонцы, што бачыў сёння гэтага чалавека. Потым, калі-небудзь скажаш. А сёння — не трэба. Пастарайся зрабіць так, каб ваша наваселле было па-сапраўднаму вясёлым. Зробіш?

Адразу ўсё зразумеў... Нават уздыхнуў з палёгкай, бядак. Павёз я дамоў яго. Але калі расплачваўся са мной за таксі, нечакана дастаў з кішэні вось гэтага самага чорціка з рожкамі — ну, як бы падарунак ад таго дзеда ўнучцы... Хацеў выкінуць, а я, стары дурань, успомніў, што ў нашага брата мода ёсць: вешаць лялькі-цацкі перад самым носам, на ветравым шкле. Пакінуў, бачыце, сабе, павесіў. Здаецца часам мне, што не чарцяня гэта вісіць, а той самы нягоднік! Во пакараў дык пакараў — перад усімі маімі пасажырамі на шнурочку боўтаецца... Дзівак я, праўда? Ды з песні слоў не выкінеш — як было, так і расказаў.

— Ну, вось і дабраліся... Вас куды зараз, у гасцініцу?

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан