epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Дапамог...

Ён зайшоў да мяне ў нядзелю з раніцы, падняў проста з ложка. Я зразумеў: справа ў Сашкі Белазуба тэрміновая і сур’ёзная, патрабуецца дапамога.

Я хутка апрануўся, і мы выйшлі на вуліцу — на вуліцы заўсёды прасцей размаўляць на сур’ёзную тэму.

— Ну, кажы... У чым справа?

Просьба Сашкі Белазуба была самая звычайная. Патрэбна адвезці дзяцей у піянерскі лагер.

З хвіліну я раздумваў, больш для выгляду і саліднасці, як кожны малады аўтаўладальнік, нешта нават сказаў пра слабыя рэсоры, пра тое, што ў мяне ёсць тэрміновая справа.

І калі твар майго друга стаў кіслым, я нарэшце згадзіўся адвезці дзяцей.

— Ну, дзякуй табе, дружа. Выручыў, ніколі не забуду. А то мая жонка... Ты ж яе ведаеш!

Прыемна рабіць добрае людзям, бачыць іх радасныя твары. Тады і сам вырастаеш у сваіх вачах.

Калі праходзілі паўз шашлычную, Сашка Белазуб спыніўся, пацягнуў паветра носам і прапанаваў:

— Хочаш, шашлычком пачастую! Ты — заслужыў. Зойдзем, га?

Печанае мяса так смачна пахла, што я не ўтрымаўся ад спакусы.

— Калі так хочаш,— зойдзем... Толькі гэтага... разумееш? Ні грама!

А шашлыкі сапраўды былі цудоўныя, са свежай бараніны. Сашка заказаў аж па тры порцыі.

— Хоць па сто грамчыкаў, а? — шэптам прамовіў ён, выцягваючы з кішэні паўлітэрку.— Павінен жа я аддзякаваць цябе. Такі закон! За паслугу.

— Ну, раз такі закон... Тады справа іншая, нічога не зробіш, законы трэба паважаць.

— Зак-коны... трэба... паважаць! — з цяжкасцю варочаючы языком, гаварыў мне Сашка Белазуб, калі мы ўжо крочылі да яго хаты па дзяцей.— А ты іх паважаеш... І ты — законны хлопец!

— О, я законны...

Я толькі не ведаў, як паеду. Мне раптам захацелася заплакаць і моцна абняць Сашку за яго такія добрыя словы. Але паспеў я толькі схапіць яго за руку і прытуліць да сцяны: з Сашкавага пад’езда выязджала таксі. На заднім сядзенні сядзелі дзеці, уперадзе — Сашкава жонка: не дачакалася... Ну і нецярплівыя гэтыя жанчыны!

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан