epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Добрае слова

Не ведаю, як вам, а мне не вельмі часта перападае ад жонкі добрых слоў. Усё нешта не так раблю, усё не па ёй: то я доўга затрымліваюся на працы, то, наадварот, мазолю ёй вочы... Прычэпіцца за нішто, справацыруе сварку, а потым, задаволеная, бегае па хаце, радуецца — насаліла мужу! Вось які брыдкі характар. Дзе ўжо тут пра ласкавае слова марыць... Але сёння я пераступіў парог уласнай кватэры і не паверыў сваім вушам: жонка нахвальвала мяне суседцы:

— Не-е, я пра свайго кепскага нічога не скажу... Мне, суседачка, не тое што іншым — пашанцавала ў жыцці. Мой і рахманы, і разумны, і гаспадарлівы, і да гарэліцы не дужа ахвочы. Так, на свята ці пасля лазні мо і возьме колькі, а каб нажлукціцца — аніколі!

Ушчыкнуў сябе за вуха: можа, я не ў сваю кватэру трапіў? Не, здаецца, у сваю. У калідоры цёмна, хоць вока выкалі, яшчэ з зімы збіраюся святло наладзіць, ды ўсё не збяруся. І шафа, за якой схаваўся, таксама мая — даўно жонка просіць перасунуць ад дзвярэй, перашкаджае. Ды і галасок сваёй вісклі ніколі не пераблытаю: толькі мая артыстка можа так шчыра вохкаць і сакатаць, смяяцца і абурацца...

— Пражылі дваццаць гадочкаў з ім душа ў душу... Каб ён на мяне калі голас павысіў — аніколі! Адно паміж намі — згода і ласка. Мо калі і пабурчым, дык і то потым мілуемся, як пасля вянца. Золата, а не чалавек! Ты прабач ужо, суседачка, зараз ён вернецца з працы, трэба ж свайму родненькаму на стол накрыць.

Калі суседка, зайздросна ўздыхнуўшы, знікла за дзвярамі, я, усхваляваны, расчулены, выйшаў са сваёй схованкі і кінуўся з абдымкамі да жонкі:

— Любая!

— Ты... што, ты што?! Адстань, адстань з пацалункамі сваімі, смала... Так і думала: зноў набраўся!

— Гэта ж чэшскае... Піва...

— Чэшскае? Ды не дуры ты мне галавы! Ведаю, якое чэшскае... Ну, пачакай, лопне маё цярпенне, выберуся я да твайго начальства і ўсё, усё чысценька раскажу пра твае выбрыкі. Будзе табе і чэшскае, і нямецкае, і французскае! Усё разам! Бач ты, ніяк не можа спыніцца, скура на ім гарыць... Во пакараў мяне лёс дык пакараў, звязала жыццё з п’яніцам!

— Навошта лаешся? Ты ж толечкі так хораша пра мяне суседцы казала...

— А божа мой! Ха-ха... Развесіў вушы, ёлупень стары... Гэта ж я спецыяльна казала, каб нос суседка не дужа задзірала, каб зайздросціла!

...Цяжка зразумець жанчыну.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан