epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Дождж

Кап-кап... Кап-кап...

Гэтае бязладнае, то глухое, то звонкае, шлёпанне дажджынак з даху я пачуў, яшчэ не расплюшчыўшы вачэй. Пасля нейкага трывожнага сну дамавітае пазвоньванне дажджу напоўніла мяне незвычайным пачуццём спакою і радасці. Касы, нетаропкі дождж лізаў сцены і дах будынка, тонкія, як іголкі, струменьчыкі зліваліся ў кроплі, і кроплі, даганяючы адна другую, ляцелі ўніз.

І можна было нават адрозніць, як адны зухавата плюхаюцца ў азёрцы лужын, а другія разбіваюцца аб каменьчыкі ці мякка падаюць на вільготны, прамыты за ноч вадой пясок.

Я ўстаў, апрануўся і ціхенька, каб не разбудзіць хатніх, выйшаў на вуліцу.

Такога цёплага дажджу ў канцы кастрычніка не помнілася. Было ўжо зусім холадна, неба лахмацілася, і густа-сінія марозлівыя хмары сурова паўзлі з поўначы. Голыя дрэвы трымцелі пад шквальным ветрам, блыталіся галінкамі, нібы шукаючы ратунку, бездапаможна хіліліся да мокрага ліпкага асфальту з пажухлым жоўта-бурым лісцем. І ўсё глядзелася па-восеньску адчужана і журботна.

І вось нібы які цуд... Цёплае вільготнае паветра пахла маладымі гуркамі, асвяжала, ціхія дажджынкі садзіліся на твар і ласкава казыталі. Усміхаючыся, я крочыў у перадранішняй цемры і з нейкім дзіцячым азартам стараўся трапіць нагой у лужыну. Было нешта ад ранняй вясны наўкола, радаснае, хвалюючае, што — я і сам дакладна не мог сказаць. Можа, спакойны шолах дажджу, можа, нечаканае цяпло, што прынёс з сабой паўднёвы вецярок. Але пад ціхае напеўнае мармытанне дажджынак добра думалася, успаміналася. Потым усё ўступала месца востраму адчуванню толькі таго, што бачыў: шэрыя лужыны, срэбраныя гарошынкі расы на зблытаных, прыбітых, але яшчэ зялёных травінках, шурпатая з глыбокімі чорнымі баразёнкамі кара старой абламанай бярозы — адзіная на ўвесь двор. А міма праходзілі паспешна людзі, праязджалі на веласіпедах. І ў многіх на рамах веласіпедаў, нібы жучкі, сядзелі захутаныя ў плашчы дзеці. Маленькія ручаняты ўчэпіста трымаліся за бліскучае халоднае жалеза руля, слаба бялелі побач з вялікімі бацькоўскімі рукамі. Дзяцей везлі ў яслі. І колы асцярожна рэзалі лужыны на асфальце, а вада пырскала, ляцела з-пад шын у розныя бакі і шыпела, як сала на патэльні: ш-ш-ш...

Пачало віднець. Пашарэла. І здавалася, што дамы нехта клапатліва накрыў ад ранішняй сырасці, ад дажджу коўдрамі з жоўта-шэрых абрэзкаў: амаль усюды свяціліся жоўтыя квадрацікі вокнаў. Але ў нашай кватэры не было святла. І тут я схамянуўся, успомніўшы, што павінен быў ужо даўно разбудзіць на цягнік жончыну сяброўку, якая заначавала ў нас.

Хутка вяртаюся, з нейкай даўно забытай гарэзлівасцю ўзбягаю па лесвіцы на трэці паверх, уваходжу ў кватэру. Божа мой, якая салодкая дрымотная цішыня! Царства сну. Сухое цяпло пяшчотна кранаецца маіх халодных шчок. Асцярожна, каб не рыпець маснічынамі, я набліжаюся да раскладушкі. Ну, канечне, дзяўчына спіць... Смешна гэтак, клубочкам, падабраўшы пад сябе ногі. Я нахіляюся, але не паспяваю сказаць і слова, як тая сама паволі расплюшчвае вочы і хвіліну-другую няўцямна пазірае на мяне.

— Ой, праспала-а! — палохаецца яна.

— Ды не, не ж яшчэ, хопіць у цябе часу... Уставай хутчэй толькі!

Але яна сарамліва нацягвае да самага падбародка коўдру. Я адыходжу да акна і чую, як дзяўчына борздзенька ўстае, з асалодай пацягваецца гнуткім, адпачыўшым целам і таямніча шамаціць вопраткай.

— Падай мне, калі ласка, люстра,— гуллівым шэптам просіць яна.— Косы запляту...

А за акном — дождж: кап-кап, кап-кап... І з ціхай радасцю думаю я: якое шчасце чуць і гэты таямніча-гуллівы жаночы шэпт, і бачыць прыгожыя дзявочыя рукі, што так спрытна запляталі доўгія чорныя косы, і слухаць нязмоўклае ціхамірнае шамаценне дажджу — цёплага, як вясной.

1967


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан