epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Дыпламаты

Мы заклапочана раіліся: што рабіць з нашым загадчыкам гаража Міхалёвым? І ўчора прыходзіла жонка і скардзілася на яго ў мясцком: зусім адбіўся ад рук... П’е, скандаліць.

— Трэба прымаць кардынальныя меры,— рашуча сказаў член нашага мясцкома сухарлявы Іван Друй.— Сёння ж зноў на працу не з’явіўся...

— Трэба прымаць меры,— адразу падтрымаў я і нават шчыра абурыўся: — Як толькі можа гэты Міхалёў глытаць атруту штодня? Я ўжо вунь месяц у рот не бяру яе... Гідка!

— Ну, тады табе, праведніку, і карты ў рукі. Ідзі пагавары з ім па душах...

Але тут у размову энергічна ўмяшаўся ружовашчокі бухгалтар Ягадкін. Ён кашлянуў у маленькі кулачок, шморгнуў носам і аўтарытэтна заявіў:

— Дрэнна вы Міхалёва ведаеце... «На сухую» нічога ў вас не атрымаецца. Рабілі ўжо неаднойчы захады: цэлую дэлегацыю жанчын да яго пасылалі... Але ён дэлегацыю не прыняў... Кажа, без чаркі ніякай размовы весці не будзе, бо калі і дзе важныя справы без бутэлькі вырашаліся? Дык вось я так думаю, таварышы даражэнькія, схітрыць трэба, прымяніць дыпламатыю... Трошкі выпіць з ім, стварыць атмасферу сардэчнасці, а потым... адкрыта і канчаткова пагаварыць: ці так, ці гэтак!

Іван Друй спачатку вагаўся наконт стварэння «атмасферы сардэчнасці», але паступова здаўся і нават прыняў актыўны ўдзел у складчыне на каньяк: не з пустымі ж рукамі ісці да Міхалёва. Само сабой вырашылася і пытанне, каму даручыць гэтую адказную місію: безумоўна, бухгалтару! Ён справіцца, такі дыпламат...

— Ну, таварышы, дзякуй за давер, я пайшоў... Данясенні ад мяне будзеце атрымліваць па тэлефоне кожную гадзіну,— сказаў Ягадкін на развітанне.

І сапраўды — праз пэўны час зазваніў тэлефон, і мы пачулі бадзёры голас нашага парламенцёра:

— Дакладваю: усё ў парадку. Міхалёў дома. Згадзіўся весці перагаворы. Смажым яечню. Рыхтуем закусь.

Апошнія словы былі сказаны надзвычай вясёлым тонам. Але нам зрабілася чамусьці сумна. Не згаворваючыся, мы адначасова зірнулі на гадзіннік: да канца рабочага дня было яшчэ так многа часу...

Роўна праз гадзіну (якая дакладнасць!) зноў пазваніў вясёлы Ягадкін. На гэты раз ён паведамляў, што за сталом ужо складваецца тая самая атмасфера сардэчнасці, якая неабходна для поспеху справы, і што ён... «Вып’ем!» — раптам пачуўся ў трубцы нецярплівы бас. Бас быў знаёмы, Міхалёўскі. І звон быў знаёмы — чарак...

Іван Друй неяк дужа сярдзіта адштурхнуў тэлефон, аблізаў засмяглыя губы і пачаў сутаргава каўтаць ваду з графіна.

Чарговага данясення ад Ягадкіна давялося чакаць пакутліва доўга. І калі нарэшце зазваніў тэлефон, мы абодва кінуліся да яго.

— Чаго маўчаў, Ягадкін? Як абстаноўка? — нервова пытаў Іван Друй.— Дакладвай!

— Астаноўка нармальная, закусь выдатная. Жонка яшчэ не прыйшла... Але мне цяжка, дужа цяжка тут аднаму. Прашу падмогу!

Не марудзячы ні хвіліны, мы выклікалі машыну і паехалі на кватэру да Міхалёва: памагчы сваім таварышам...

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан