epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Дзед Мароз

Ён увайшоў у кабінет загадчыцы дзіцячага сада, прывітаўся і сказаў:

— Вам, гаспадынька, Дзед Мароз не патрэбен?

Загадчыца здзіўлена глянула на госця — высокага, круглатварага мужчыну з вясёлымі вачамі — і абрадавана заўсміхалася.

— Ой, што вы! Патрэбен... Мы якраз шукаем Дзеда Мароза...

— Я і ёсць Дзед Мароз. Лепшага не знойдзеце — прыехаў з самай Поўначы... Ды і садзік жа ваш знаёмы мне, некалі жыў у гэтым горадзе. Жыў і нават быў у вас на ёлцы, таксама Дзедам Марозам. Толькі вось загадчыца тады другая была... Старэнькая. У акулярах...

— Гэта праўда, я тут нядаўна...

— Ну, дык як — згода?

Праз дзень ён прыйшоў адсвяткаваць з дзецьмі Новы год. З чамаданам. З такім звычайным дарожным чамаданам, невялікім, але даволі ёмістым. Там, напэўна, было ўсё, што неабходна Дзеду Марозу. І раскошны белы кажух, і серабрыстая вастраверхая шапка, і грым. Там усё было, таму што так дамовіліся. І загадчыца прапанавала яму для пераадзявання свой кабінет.

— Толькі хутчэй — народ у нас вельмі нецярплівы...

Мужчына ўзняў галаву і ўсміхнуўся: разумею, усё будзе ў парадку!

Загадчыца выйшла. Ён застаўся адзін. Адзін перад люстрам. Ён пазіраў, і яму не хацелася пазіраць на сябе — на свой спахмурнелы твар, на журботныя вочы... Колькі сустрэч было ў яго з дзецьмі на ёлках! Колькі карагодаў! Так павялося. Яшчэ са школы пачаў ён іграць дабрадушнага, вясёлага Дзеда Мароза... Але цяпер яму было не вельмі весела, не вельмі спакойна. Трывожна... Так трывожна, што нават рукі дрыжалі, калі прыклейваў бараду. І ўсё ж у яго было нешта ад акцёра, хоць, акрамя Дзеда Мароза, ён ніколі і нікога не іграў. Ён раптам зухавата падміргнуў сабе калматым прылепленым брывом і, шырока ўсміхаючыся, накіраваўся ў залу.

— Дзед Мароз, Дзед Мароз! — закрычалі дзеці.

Яны чакалі яго, гэтыя мілыя, смешныя мордачкі. Проста пацеха. І куды ні зірнеш — усюды цікаўныя, радасныя вачаняты. Такія хітраватыя, нібы кажуць: «А мы ведаем, Дзед Мароз, што ў цябе ў торбе, ага!»

— Добры дзень, дзеткі-малалеткі! — прамовіў ён старэчым голасам.— Ішоў я да вас па палях, па гарах, па лясах...

Ён ласкава гаварыў прывычныя словы, а дзеці ўважліва слухалі. Слухалі і бацькі, уладкаваўшыся ўздоўж сцяны, з падабрэлымі лагоднымі тварамі. І было ціха. Да той мінуты было ціха, пакуль ён не ўбачыў яго... Нешта зазвінела тонка-тонка. Нібы крохкія ледзяшы падалі з даху. Дзеці ўжо танцавалі, ужо вадзілі карагод вакол ёлкі. І ён, Дзед Мароз, танцаваў разам з імі, мякка прытупваючы нагамі ў тоўстых шэрых валёнках. І ўсміхаўся, і жартаваў, і спяваў «Ёлачку»... Але бачыў ён у карагодзе толькі аднаго: чорнагаловага хлапчука з вялікімі блакітнымі вачамі...

Ах, як ты вырас! Ну, як ты хутка вырас... За нейкія два гады. Усяго два гады. Падыдзі, падыдзі бліжэй. І дай руку... Вось так, мой родненькі. Гэта твая цёплая далонька грэе мне сэрца. Калі б ты ведаў, як яно там трымціць! Але ж я Дзед Мароз. Толькі Дзед Мароз, праўда?

Потым ён раздаваў падарункі. І калі аддаў бліскучы слюдзяны мяшэчак сінявокаму хлопчыку, не вытрымаў, схапіў яго моцнымі рукамі і высока падкінуў над галавой: «Будзеш касманаўтам!» Малыш весела смяяўся. І ўсе смяяліся. Ну і добрага ж Дзеда Мароза адшукала загадчыца! І дзе такога весельчака яна выкапала? Вунь колькі радасці дзецям...

Апусціўшы хлопчыка на падлогу, ён адчуў на сабе чыйсьці пільны позірк. Мажліва, ён ужо даўно яго адчуваў. Патрабавальны позірк, неспакойны, трывожны.

І ён паглядзеў туды, куды пабег малыш. У далёкі куток, ля самых дзвярэй. І ўбачыў яе, маці. Зусім яшчэ маладую, чарнявую жанчыну. Яму здалося, што на вачах у яе слёзы. Яму здалося, што позірк яе быў жаласны і разгублены. І яна, напэўна, не магла ўжо глядзець у той бок, дзе быў ён, Дзед Мароз. Яна хутка цягнула за руку хлопчыка да дзвярэй — ад яго... Пачакайце, куды вы? Ён хацеў кінуцца за імі, крыкнуць, але толькі моцна, да крыві, прыкусіў губы.

А на ёлцы гарэлі рознакаляровыя лямпачкі — сінія, зялёныя, чырвоныя. Дзеці танцавалі і спявалі: «Добры, слаўны Дзед Мароз падарункі нам прынёс!»

Так, прынёс падарункі. І раздаў. Усё, што было. І нават тыя, што прывёз для таго, сінявокага хлапчука. А вы, гаспадынька, хоць задаволены? Задаволены... Не, не, у ведамасці ён распісвацца не будзе... Ніякай платы. Ён — пойдзе. Ён спяшаецца на вакзал. У яго ж у кішэні білет на цягнік. Толькі не трэба, гаспадынька, пазіраць так жаласліва...

Ён хутка развітаўся і выйшаў на вуліцу. Падаў буйны, густы снег. Халодныя камякі садзіліся на твар, на вейкі. Раставалі. Вочы былі мокрыя. Ён ужо нічога не бачыў скрозь гэтую заслону вільгаці. Толькі наперадзе малочныя постаці прахожых... І размыты контур вакзала...

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан