epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Дзінь-бом

Гэта незвычайны, чароўны гадзіннік... Не першы год стаіць ён на маім стале ў бліскучым бляшаным корпусе, стаіць і не проста цікае, адлічваючы час, а пазвоньвае — тоненька, тужліва, нібы аднекуль здалёку, з незабыўнага дзяцінства.

Так і бачу залацісты надвячорак, росны лужок і невялікую бурую кароўку са званочкам на шыі: дзінь-бом, дзінь-бом... Над ёю, амаль бязрогай, роем снуюць камары, яна матае галавой, бароніцца і прагна скубе траву паўз канавы. Ціхі змрок паволі ахінае зямлю. Толькі ў полі, над жытнёвым пагоркам, за якім схавалася сонца, мякка ружавее неба. Росная трава халодзіць босыя ногі. Але я цярпліва стаю з доўгай вяроўкай, начэпленай на кароткія абламаныя рожкі каровы, і замілавана пазіраю на сваё нечаканае шчасце. Вяроўку трымаю так сабе, для большай упэўненасці: нікуды не збяжыць наш набытак — кароўка ледзьве ступае на пярэднюю левую, бо пад самым капытом болька...

З-за гэтай хворай нагі і пакінулі ўчора яе бежанцы — такія ж, як і мы, гаротнікі-бадзягі. Узрадаваная маці не ведала, як іх улагодзіць, чым аддзячыць: і апошні мяшэчак пшана, і выменяны на бацькавы касцюм кавалак старога жоўтага здору, і нават аблігацыі, што хаваліся на дне чамадана пад бялізнай, аддала за карову. І, радасная, ззяючая, усё паўтарала нам з сястрой: «Ну, дзеткі, цяпер кончыцца наша нішчымніца... Малочная трапілася кароўка, абы толькі акрыяла».

А карова стаяла ў дварэ, схуднелая, з запалымі бакамі, нейкая абыякавая да ўсяго. Побач з хатулямі за плячамі тапталіся яшчэ яе гаспадары: змрочны барадаты стары, кругленькая ўвішная жанчына і дзве бледнатварыя дзяўчынкі. Дарослым было шкода каровы. Яны не хавалі гэтага і сумна, моўчкі пазіралі на жывёліну. Толькі дзяўчынкі, абдымаючы карову за шыю, неяк вельмі ўжо жаласліва і настойліва прасілі мяне добра карміць яе.

— Яна вельмі любіць дзятлавінку, хлопчык! Пасі на дзятлавінцы, чуеш?

...Гадзіннік на стале ўсё дзінькае, усё адзвоньвае сваё тужлівае «дзінь-бом». І выразна выплываюць з далечыні часу і сур’ёзны не па гадах хлопчык з вяроўкай у руках, і маленькая бурая кароўка на лужку. Калі, калі ўсё гэта было?!

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан