epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Дзённік

Я пачаў весці дзённік... Адразу ж, як уладкаваўся працаваць у гідрапраектную арганізацыю. Пасля шэрага няўдач у іншых установах, дзе праз паўгода, а то і раней, мне чамусьці з ветлівай усмешачкай раілі падаваць заяву: «Па ўласнаму жаданню»...

— Слухай, а чаму б табе не паспрабаваць свой літаратурны талент? — неяк пасля другой шклянкі «Яблычнага» глыбакадумна прапанаваў мне былы школьны таварыш Жорка Жыгалаў.— Памятаю, ты нават вершыкі пісаў...

— Пісаў, а як жа... Іскра таленту ў мяне была. Усе казалі. Дзякуй богу, мог рыфмаваць словы... Аднойчы такую оду сачыніў пра нашага старога географа, ледзьве са школы не вытурылі... Аж цяпер смешна.

— А ты не смейся, а заводзь дзённічак на працы,— загадкава бліскаючы акулярамі, сказаў Жорка Жыгалаў.— І пішы ў ім так...

Так ці не так, а праз які месяц на маім рабочым стале ляжаў пухленькі сшытачак з прыгожым надпісам: «Працоўны дзённік інжынера Наседкіна».

Не шкадуючы эпітэтаў, з першага ж дня пачаў падрабязна занатоўваць свае думкі: «З'явіўся на працу без спазнення. Пазнаёміўся з калегамі. Добрыя людзі, чулыя. Але самае вялікае ўражанне робіць дырэктар. Які цудоўны чалавек, які разумнік Пракоп Пракопавіч! Шкада, што дагэтуль не сустракаліся на маім шляху такія абаяльныя людзі...» І наступная старонка была ў такім жа класічным стылі: «Па-ранейшаму працую... Заходзіў у аддзел Пракоп Пракопавіч. Нібы вясновы вецер завітаў у наш змрочны кабінет. Адзін знешні выгляд гэтага чалавека натхняе працаваць яшчэ лепш. Стройны, энергічны, падцягнуты. І гэта нягледзячы на свае амаль шэсцьдзесят год! Вось у каго вучыцца нам, маладым...» На адной з апошніх старонак, калі маё захапленне дырэктарам дасягнула апагея, я няўпэўненым почыркам напісаў: «Адчуваю, што не дастойны працаваць побач з такім чалавекам, як Пракоп Пракопавіч... Прыйдзецца падаваць заяву. А як бы хацелася ўсё жыццё бачыць перад сабой яго добрыя, разумныя вочы, чуць сардэчны мяккі голас...»

У той дзень я «незнарок» забыў свой дзённік на працы.

Назаўтра раніцою ледзьве паспеў павесіць плашч і павітацца з калегамі, як мяне тэрмінова паклікалі да дырэктара. Я нерашуча адчыніў дзверы кабінета і, убачыўшы ў руках Пракопа Пракопавіча дзённік, вінавата апусціў вочы...

— Што ж гэта ты, дарагі мой? — спачувальна, пяшчотна і заклапочана, як урач хворага, спытаў ён мяне.— Што ж гэта ты... Збіраешся пакінуць нас?

Я слаба ўсміхнуўся. Нібы не разумеючы, здзіўлена паглядзеў на дырэктара. Але ён пагразіў мне пальцам:

— Не хавай, не хавай, усё ведаю! Тут прыбіральшчыца знайшла дзённічак твой... Прызнаюся: саграшыў, чытаў...

У Пракопа Пракопавіча раптам запяршыла ў горле, ён збянтэжана адкашляўся і строга, але ж ласкава паўтарыў:

— Чытаў... Праўда, пра мяне ты там... дарэмна... Кхы, кхы... Але пішаш здорава! За сэрца бярэ... Не, талентамі мы пакуль што не раскідваемся. Так што нікуды я цябе, дарагі мой, не адпушчу.

...Учора я зноў сустрэў Жорку Жыгалава. Добранька з ім выпілі. За маю новую пасаду памочніка дырэктара, за мой, як сказаў Жорка, шчаслівы шлях у вялікую літаратуру.

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан