epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Дзівак

Грукнуўшы дзвярамі, Міхаіл Міхайлавіч выскачыў з пад’езда і, сумятліва размахваючы рукамі, ледзь не бегма рушыў па вуліцы. Толькі праз колькі хвілін ён адчуў, як б’юць порсткія дажджынкі ў разгарачаны твар. Прыпыніўся, наставіў каўнер плашча...

Яно б, можа, і цяпер усё абышлося і не было б ніякай лаянкі з Верай з-за гэтых грошай, патрачаных на патрэбныя кнігі, калі б ён, Міхаіл Міхайлавіч, паддаўся, дакладней, змаўчаў. Схаваўся б у суседні пакой або, нарэшце, узяў бы сумку і пайшоў у магазін па хлеб. Так рабіць даводзілася не раз і не два. Такое дыпламатычнае адступленне давала яму бясспрэчную перавагу: ён не лаяўся, не псаваў нервы, не прыніжаў сваёй годнасці, памяркоўна захоўваў нармальныя сямейныя адносіны.

Але дыпламатыя дыпламатыяй, а характар характарам. Нават зусім мізэрнае самалюбства, якое мірна драмала на сподзе душы Міхаіла Міхайлавіча, не магло на гэты раз змірыцца са знявагай. Кніжкі з маленства былі яго марай... Да таго ж ён нечакана для сябе зрабіў адкрыццё, якое надзвычай уразіла яго: чым больш ён быў падатлівы, уступаў, тым зласлівейшай рабілася жонка. Вера ўжо нават не выбірала выразаў, не саромелася гаварыць пад гарачую руку самыя крыўдныя, несправядлівыя, абразлівыя словы... Міхаілу Міхайлавічу заставалася толькі здзіўляцца: чаму самы блізкі чалавек, з якім пражыў столькі гадоў, якога па-ранейшаму любіш, гэтак псуе, атручвае жыццё?

Унурыўшы галаву ў плечы, каб дождж не трапляў за каўнер, Міхаіл Міхайлавіч крочыў і крочыў. Ужо і квартал, і другі, і трэці засталіся ззаду, а ён усё не мог знайсці адказ на сваё пакутлівае пытанне. Яно, канечне, калі браць па вялікім рахунку, то ён, мабыць, і не дасягнуў у сваім жыцці нейкіх асаблівых вяршынь... Можа, не вельмі імкнуўся. А можа — не хацеў. Хоць і выдатна закончыў інстытут, мог пайсці ў аспірантуру. Прапаноўвалі — адмовіўся. Але вялікай бяды ён у гэтым не бачыў: не ўсім жа насіць прафесарскую бараду! Трэба і дзяцей вучыць. Затое цяпер — лепшы мовавед у школе. Хіба гэтага мала? Сама дырэктрыса Зінаіда Сяргееўна з ім раіцца... Ды ўжо калі гаварыць да канца шчыра, то і мужчына ён з сябе відны: не зломак які, рослы, метр восемдзесят... Не раз лавіў зайздросныя позіркі сваіх невысокіх лысаватых калег, калі ў настаўніцкай перад люстэркам прычэсваў густую залацістую чупрыну. Нягледзячы на ўсе старанні Міхаіла Міхайлавіча, валасы гэтак жа непакорна кучаравіліся над ілбом. А калі да ўсяго гэтага дадаць яшчэ і прыгожы нос з ледзь прыкметнай гарбінкай, ды заўсёдную мяккую ўсмешку на прадаўгаватым твары, ды жвавыя, поўныя дабрыні блакітныя вочы, то можна ацаніць назіральнасць выхаванцаў Міхаіла Міхайлавіча, якія па школьнай жартаўлівай завядзёнцы далі і яму мянушку — «званковы кароль». Менавіта маючы на ўвазе гэтую яго добразычлівасць, настаўнікі ў спрэчках з ім нярэдка, ў рэшце рэшт, усміхаліся і казалі: «Не, на вас, дарагі Міхаіл Міхайлавіч, нельга сердаваць...»

Толькі Вера зусім іначай прымала памяркоўны характар мужа: «Хіба ты мужчына? Ты — не мужчына! Нават голасу не можаш павысіць на ўласнага сына. Разводзіш сваю бязглуздую педагогіку...» І Міхаіл Міхайлавіч неяк непрыкметна для сябе губляў не толькі самастойнасць у вырашэнні сямейных спраў, але і веру ў бясспрэчнасць сваіх вартасцей. Яму нават самому здавалася часам, што дрэнны, шэры ён чалавек, хоць, па праўдзе кажучы, так і не мог дакапацца, у чым яго грахі і заганы.

«Пэўна, цяпер людзі ад мяне кідаюцца прэч, як ад вар’ята,— раптам горка ўсміхнуўся Міхаіл Міхайлавіч.— Бягу па вуліцы, нібы за мною сабакі гоняцца!» Збянтэжаны, спыніўся. І адразу адчуў, што ўзрушанасць памалу знікае, што і крыўды амаль не засталося ў яго незласлівым сэрцы. Можна было б і дадому вяртацца — столькі вучнёўскіх сшыткаў яшчэ правяраць! Але на імгненне ўявіў Веру, яе помсліва прыжмураныя вочы, насмешліва-пыхлівую ўсмешку — і жаданне вяртацца дадому прапала...

Нетаропка азіраючыся па баках, Міхаіл Міхайлавіч нарэшце заўважыў, што стаіць насупраць кінатэатра. У вечаровым змроку неонавыя агні рэкламы кідалі мяккае святло на густую лістоту дрэў, затравянелыя клумбы, усеяны мокрым лісцем асфальт. І ўся гэтая зеляніна здавалася нейкай ненатуральнай — ншы дэкарацыі на сцэне. З цёмнага неба ўсё сыпаў дробны халодны дождж. Міхаіл Міхайлавіч аж сцяўся, адчуўшы ўсёй спінаю брыдкую зябкасць. І гэтак захацелася схавацца ад гэтай восеньскай золкай халадэчы, гэтак закарцела знайсці ўтульны цёплы куточак! «А што калі ў кіно схадзіць? Які там фільм — усё роўна...» Галоўнае прысесці, згубіцца сярод зусім незнаёмых людзей і адчуць сябе такім жа бесклапотным і незалежным, нават на экран не глядзець, калі фільм не дужа цікавы... Сядзець, і — кропка. Адагнаць ад сябе прэч усе турботныя думкі: аб школе, аб сварлівай жонцы, аб усім недарэчным, бязглуздым сямейным жыцці.

Гэты намер настолькі авалодаў ім, што ён ужо гатовы быў, як студэнт, стаяць у чарзе па білеты пад дажджом хоць цэлую гадзіну. Але чаргі каля касы, на шчасце, не было. Толькі самотная жанчына ў блакітным плашчы заклапочана поркалася з парасонам — ён чамусьці ніяк не складваўся. Міхаіл Міхайлавіч, слізгануўшы вачамі па яе маленькай постаці, хуценька дастаў грошы, сунуў у акенца касы, і яму падалі... два білеты.

— Але ж я прашу адзін! — незадаволена сказаў ён.

Дзяўчына ў акенцы здзіўлена ўсміхнулася — з такім выглядам, нібы помніла, што ён заўсёды з’яўляўся тут удваіх з жонкай. Здавалася: яна нават вось-вось спытаецца іранічна: «А дзе ж ваша жонка?» Але дзяўчына толькі звыкла папярэдзіла:

— Хуценька ідзіце — позніцеся...

І Міхаіл Міхайлавіч паспяшаўся ў пусты вестыбюль.

Яго адразу ж прапусцілі ў глядзельную залу. Паказвалі кіначасопіс. У зале было цёмна. Блакітны прамень з кінабудкі трымцеў пад самай столлю, мякка падаў на экран. Прызвычаіўшыся ў цемры, Міхаіл Міхайлавіч паволі рушыў да свайго месца. Добра, рад быў побач ды і месца — другое ад краю. І ад таго, што, нарэшце, апынуўся ў цёплым памяшканні, што ўсеўся і нават суседа не было справа, ён з палёгкай уздыхнуў, з задавальненнем выпрастаў ногі. Неўзабаве часопіс скончыўся, і на нейкі момант зноў запалілася святло. Міхаіл Міхайлавіч хутчэй адчуў, чым убачыў: за спінай нехта стаіць. Павярнуў галаву і адразу пазнаў тую самую жанчыну ў блакітным плашчы, якую напаткаў ля касы. Можа, яе месца нехта заняў, а можа, ёй захацелася сесці бліжэй да экрана, і яна шукала бліжэйшы рад. Але вольных месц не было. Міхаіл Міхайлавіч перахапіў разгублены позірк жанчыны і нечакана шэптам прапанаваў:

— Вось тут вольнае... Сядайце, калі ласка...

Патухла святло, і жанчына, уладкоўваючыся побач, з лёгкім шамаценнем зняла плашч з балонні. Ад яе ішоў тонкі водар духоў. Міхаіл Міхайлавіч не любіў, калі жонка, збіраючыся ў госці, надта доўга «чапурылася» каля люстэрка, а потым вылівала на сябе цэлы флакон нейкай «Эсмеральды»... Але гэты тонкі водар быў прыемны, знаёмы, падабаўся і нават хваляваў Міхаіла Міхайлавіча. Да канца сеанса ён усё спрабаваў згадаць, чым пахнуць духі. Не, Міхаіл Міхайлавіч увесь гэты час глядзеў фільм, гэтак жа, як суседка, смяяўся, калі на экране ўзнікалі смешныя сітуацыі. Але водар духоў таямніча нагадваў: побач сядзіць незнаёмая жанчына... І таксама смяецца — ціхенька, з нейкай асаблівай шчырасцю, з ласкавымі, цёплымі ноткамі ў голасе. Калі б ён не бачыў раней яе твару — стомленага, з вялікімі журботнымі вачамі і частымі зморшчынамі каля прыгожых вуснаў, мог бы падумаць: гэты звонкі лагодны смех належыць вясёламу, бесклапотнаму дзеўчаняці. Смех яе заварожваў Міхаіла Міхайлавіча. Ён адчуваў, як цяплее ў грудзях, як паступова знікае пакутлівае напружанне і разам з тым расце дзіўная цікавасць да жанчыны і прыемна трывожыць яго. Звычайна сарамяжлівы з людзьмі, стрыманы, ён цяпер нават сам імкнуўся злавіць у сінім паўзмроку позірк суседкі, калі тая смяялася і паварочвала да яго свой твар — проста, адкрыта, як да даўняга знаёмага. І тады водар духоў быў яшчэ мацнейшым.

Перад самым канцом фільма ён прыгадаў: амаль гэтак пахла на лузе маладое сена, калі яго ад непагадзі клалі ў копы... Было яно яшчэ не зусім сухое, прывялае, але чыстае, без пылу, пацярухі, з засохлымі кветкамі — хоць збірай з іх букет! Яму нават закарцела сказаць аб гэтым суседцы, але ён стрымаў сябе: каму патрэбны яго ўспаміны пра дзяцінства, тым больш незнаёмаму чалавеку! І ўсё ж, калі фільм скончыўся і ў зале мякка запалілася святло, Міхаіл Міхайлавіч устаў са свайго месца з вострым шкадаваннем, дакараючы сябе, што так і не загаварыў з суседкай. Стаяў і тужліва пазіраў, як яна таропка апранае плашч.

У вузкім праходзе была сапраўдная таўкатня. Іх прыціснула адно да аднаго неверагодна блізка, і Міхаіл Міхайлавіч, пакуль не выйшлі з кінатэатра, усё намагаўся неяк абараніць жанчыну ад штурханіны, разводзіў перад ёй у бакі рукі і ўсё прасіў прабачэння: маўляў, ён тут зусім не вінаваты. Потым, калі выйшлі на двор і праз вуліцу разам з усімі накіраваліся да аўтобуснага прыпынку, ён набраўся смеласці і з усмешкай сказаў:

— Бачыце, як дрэнна хадзіць у кіно без мужа... Заштурхаюць! Не хадзіце адна!

— Дзякуй за параду,— засмяялася жанчына.— Але ж вы таксама адзін...

— Я?

Нейкі салёны камяк адразу засеў у горле Міхаіла Міхайлавіча і не даваў гаварыць. Але ён выціснуў з сябе:

— Я таксама... адзін.

І гэта прагучала з такой хваравітасцю і тугой, у словах было столькі непрыхаванай горычы, што жанчына раптам прыпынілася і, асцярожна ўзяўшы Міхаіла Міхайлавіча пад руку, спагадліва спыталася:

— У вас... нешта здарылася?

Сэнс пытання не адразу дайшоў да свядомасці Міхаіла Міхайлавіча, а калі ён нарэшце зразумеў, аб чым у яго пытаюцца, то зусім разгубіўся. Напэўна, трэба было б адмаўчацца і не расказваць выпадковаму чалавеку, што здарылася, што ўвогуле здараецца амаль кожны дзень у яго сям’і. Але жаданне хоць з кім-небудзь падзяліцца сваімі сумненнямі было такое неадольнае, што ён тут жа — горача, блытана, хвалюючыся, як падлетак,— пачаў гаварыць. Гаварыў і сам здзіўляўся сваёй шчырасці, незвычайнай гаварлівасці. Толькі вось што было дзіўна: чым больш ён намагаўся растлумачыць свае нелады з Верай, тым больш абвінавачваў сябе ў нейкіх недахопах — ён і не вельмі гаспадарлівы ды ашчадны, і не надта чулы, і субяседнік нецікавы, і ўвогуле мала ўвагі аддае сям’і. Усё часу не хапае. Усё праца: штодзень вучні, бацькі... Ён жа яшчэ і класны кіраўнік! І нядрэнны, кажуць. Трэба трымаць марку. Не лічыцца ні з часам, ні са стомай. Адным словам, і нервы ў яго кепскія, і характар нікуды не варты...

У рэшце рэшт, засмучана махнуўшы рукой, не ведаючы, чым папракнуць сябе яшчэ, а ў чым апраўдаць, замоўк. Маўчала і жанчына. Побач з прарэзлівым скрыгатам тармазоў спыняліся аўтобусы. Садзіліся пасажыры.

Неўзабаве на прыпынку, акрамя іх, нікога ўжо не было.

— Вы — дзівак, вялікі дзівак! — нарэшце ціха прамовіла жанчына.— Вы нават самі не ўяўляеце, які вы...

Прыўзняўшы галаву, яна неяк пільна пазірала знізу на Міхаіла Міхайлавіча і ўсміхалася куточкамі вуснаў. І ўсмешка гэтая была такая ласкавая, спагадлівая, што ён нават не падумаў з прывычнай сарамлівасцю адвесці свой позірк ад твару субяседніцы.

— Скажыце, толькі шчыра: вы вельмі кахаеце сваю жонку?

— А як жа! — здзіўлена перасмыкнуў плячамі Міхаіл Міхайлавіч.— Як жа... У тым і справа!

— Тады паслухайце маленькую старую параду: любіце яе крышачку менш...

Калі б хто-небудзь іншы раней сказаў гэта Міхаілу Міхайлавічу, ён проста абурыўся б. Мог бы нават дзёрзка заўважыць, што гэта яго асабістая справа. Але цяпер у Міхаіла Міхайлавіча чамусьці не знайшлося ні слоў, ні ахвоты пярэчыць. Ён разгублена раз-пораз соваў рукі ў кішэні плашча, нібы нешта шукаў там, і маўчаў, уражаны, схіліўшы галаву, чакаючы яшчэ нейкіх важных для сябе адкрыццяў.

Якраз у гэты момант з-за павароту бліснуў фарамі чарговы аўтобус. Жанчына ўздыхнула:

— Ну, паеду...

І, павярнуўшыся, каб ісці, яна раптам прыпынілася, яшчэ раз па-сяброўску ўсміхнулася Міхаілу Міхайлавічу і з найгранай бадзёрасцю дадала:

— Паеду да свайго золатца... Ляжыць дома п’яненькі... Ад яго і ў кіно збегла! Зайздрошчу вашай жонцы — мне б такога мужа, як вы!

Зусім збянтэжаны, Міхаіл Міхайлавіч як на нейкае дзіва пазіраў на маленькую постаць жанчыны. Бачыў, як яна жвава ўскочыла ў перапоўнены аўтобус, як зачыніліся за ёй дзверцы. І раптам ён сам, не разважаючы, кінуўся следам, памкнуўся за аўтобусам, нібы і ў яго была пільная патрэба ехаць. Ды — позна: аўтобус ірвануў з месца, пырснуў з-пад колаў вадой...

Халодныя струменьчыкі дажджу паволі сцякалі па твары Міхаіла Міхайлавіча, і ён, як у дзяцінстве, лавіў іх губамі і нават не спрабаваў схавацца. Стаяў, да чагосьці прыслухоўваючыся ў самім сабе — усхвалявана, засяроджана...

1979


1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан