epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Госць

У цемнаватую пярэднюю з суседняга пакоя даносіліся шумлівая гамонка, вясёлы рогат, звон посуду, чарак... Там урачыста праводзілі стары год. А я — не праводзіў... Я стаяў і, адчуваючы пякучы голад і зайздрасць, цярпліва чакаў, калі выйдзе да мяне Пятро Кузьміч, мой новы загадчык.

Нарэшце шкляныя дзверы шырока расчыніліся, з іх вывалілася знаёмая прысадзістая постаць.

— Дык гэта зноў ты, Рыбкін? — здзіўлена прамармытаў Пятро Кузьміч, з поўным ротам, жуючы.— Ну і настырная ж ты душа... Не дабяру розуму, што з табой рабіць: не магу я да цябе ехаць... У мяне свае госці.

— Дык вы ж абяцалі...

— Ну, абяцаў...

— Мы так рыхтаваліся,— канючыў я.— Парасё засмажылі! Нікога, акрамя вас... Сваёй сямейкай чакаем...

— Чакаеце? Хм, сапраўды атрымліваецца неяк не таго, нядобра. І нікога не запрашалі? І закускі многа?

— А як жа, цэльнае парасё! У натуральным выглядзе,— далдоніў я.— Цяпер вось прападзе.

Пятро Кузьміч задуменна абхапіў шырокай пяцярнёй свой падбародак і раптам аж узрадаваўся:

— Бліскучая ідэя! Пачакай, брат...

Ярка асветлены пакой на нейкі момант праглынуў Пятра Кузьміча, але тут жа ён зноў паказаўся ў пярэдняй з хлопцам — дылда пад столь!

— Знаёмся, Рыбкін: мой любімы Вася, студэнт... Жывая вага — 120 кілаграмаў! Як табе падабаецца? А весялун які! Вось забірай яго і рабі з ім што хочаш. Ён — гэта я, лічы... Як кажуць, паўнамоцны прадстаўнік.

Вася імгненна згроб мяне ў свае магутныя абдымкі, лёгенька, як пакаёвага сабачку, паціскаў і нецярпліва па-сяброўску кінуў:

— Ну, паехалі, ці што, бацька?

Што ж паробіш, на бязрыб’і і рак рыба...

Таксі дамчала нас хутка. «120 кілаграмаў» усю дарогу хіхікаў і заводзіў модныя песенькі. А я, адчуваючы пэўную незадаволенасць, пазіраў у акенца, заклапочана разважаў: як сустрэне мяне жонка з гэтым... сынком. Такая ўжо натура: хоць скрозь зямлю праваліся, а падавай ёй за святочны стол самога Пятра Кузьміча!

Ды, як кажуць, была маланка, а гром не грымнуў: ледзьве жонка даведалася, што «сам» накіраваў да нас Васю, як твар яе адразу палагоднеў:

— Раз прыслаў свайго сынка — значыць паважае... Бяжы ж да госця, садзі яго за стол, а я прычоску падкудлачу.

Падбадзёраны, выбег я з кухні да госця і... уразіўся: Вася сам ужо добра ўладкаваўся за сталом і княскім уладарным жэстам запрашаў усіх «дапіць»... Усе — гэта дзве мае састарэлыя цёткі, Алена і Параска. Яны спалохана вохкалі, кракталі, адмаўляліся, а «120 кілаграмаў» — насядаў.

— Пенсіянеры! Не губляйце марку! — заклікаў Вася лозунгамі.— На вас пазірае ўся наша слаўная моладзь!

І дарэмна позіркі збянтэжаных бабулек шукалі ратунку на маім твары: ён загадваў ім — піце...

І цёткі выпілі. За стары год. Потым — яшчэ раз за стары. І непрыкметна — за Новы... А Васеў зычны голас камандаваў і не даваў спакою...

— Э, не... Так справа не пойдзе, піце ўсё, а то... раскажу Пятру Кузьмічу. Раў... раў... не-н-не... на моладзь! Музыку!

— Які малайчына,— у захапленні шаптала мне на вуха жонка.— Ці не нагадвае ён табе аднаго гусара з кіно? Колькі зграбнасці, прыгажосці...

Але яна не паспела дагаварыць, бо «гусар» раптам падбег, схапіў яе за руку і імкліва пацягнуў на сярэдзіну пакоя.

— Усе, усе скачам! — аб’явіў ён.— Музыку!

Драўлянай рукой уключыў я наўздагад прыёмнік: бурны джаз запаланіў пакой... Маленькая, шчуплая жонка ніякавата і няўмела тупала, таўклася ля Васі. Затое гэтага мучыцеля цяжка было пазнаць: нешта неверагоднае, першабытна-дзікае з’явілася ў яго хуткіх рухах. Ён бязлітасна, як пёрка, круціў вакол сябе маю жонку, падкідваў, як мяч, яе ўгору, апускаў уніз... Я нават заплюшчыў вочы: яшчэ хвіліна, і нешта здарыцца непапраўнае!

Мне б ратаваць бедную спадарожніцу жыцця, а я толькі бездапаможна стагнаў... Эх, быў бы гэты «120 кілаграмаў» ды не родным дзіцем Пятра Кузьміча! Тады б пагаварыў з піжонам... Цяпер жа я толькі ліхаманкава думаў, колькі яшчэ працягнецца гэтае вар’яцтва. Але ж, самі разумееце, на карту было пастаўлена ўсё.

Толькі недзе пад раніцу, калі, згубіўшы прытомнасць у чарговым твісце, жонка ляжала на канапе, а абедзвюх цётак забрала «хуткая дапамога», я нарэшце адвёз дамоў «і 120 кілаграмаў»... Праўда, па дарозе па яго загаду яшчэ двойчы я вылазіў з машыны і на марозіку скакаў «яблычка». Потым пеў пра козліка, якога з’елі злыя студэнты... Карацей, такога гвалту над сваёй асобай і ворагу не пажадаў бы. Адно мяне суцяшала: не марна, залічыцца...

Сяк-так транспартаваў я «120 кілаграмаў» на трэці паверх. Стаміўся, змакрэў увесь, як той чорт у казцы, але да самых дзвярэй Пятра Кузьміча даставіў малайца. Аж радасна на сэрцы. Асцярожненька пазваніў. Нясмела пастукаў. Паскробся... Доўга там не адчынялі. Затым за дзвярыма пачуўся санлівы і незадаволены голас Пятра Кузьміча — аж дрыжыкі па спіне:

— Гэта ты зноў, Рыбкін?!

— Я... і ваш сынок.

— Які яшчэ сынок?!

— Ды Васютку прывёз... «120 кілаграмаў»,— залапатаў я, хіхікаючы.— Вясёленькі ён, перахапіў трошкі.

— Сам ты перахапіў, Рыбкін! — гнеўна зашыпеў Пятро Кузьміч.— Усё на свеце пераблытаў... Вядзі хлопца ў дзверы насупраць... Гэта суседаў сын!

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан