epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Госці

Мінала свята. Шумнае, клопатнае. Столькі гасцей давялося частаваць нам з жонкай... І вось пасля ўсяго — адпачывалі. Адчуваючы прыемную стомленасць, вялі лянівую размову аб вартасцях і заганах гасцей.

Соладка пазяхнуўшы, жонка раптам спытала:

— Слухай, а чаму ты Бамбіцкага не запрасіў? Ён жа таксама твой кіраўнік... Нядобра неяк. Падумай.

Я падумаў і пагадзіўся: нядобра. Сапраўды, можна было б запрасіць разам з усімі. Але як запрашаць, калі не ведаеш блізка чалавека? Зусім нядаўна Бамбіцкі працуе ў нашай установе.

Жонка ўважліва выслухала мае пярэчанні і паблажліва ўсміхнулася:

— Нічога, за чаркай пазнаёмішся...

— Дык ён жа не п’е, кажуць... І ўвогуле, чалавек сухі і неразгаворлівы: слова з яго не выціснеш,— спрабаваў супраціўляцца я.— Маўчун стопрацэнтны... Не ўяўляю, як мы будзем яго прымаць.

— А ты менш уяўляй, ідзі да тэлефона і звані...

У незадаволеным голасе жонкі я ўлавіў знаёмыя сталёвыя ноткі і хуценька набраў нумар тэлефона Бамбіцкага. Адказаў ён сам.

— Прыязджайце да нас у госці! — выпаліў я.

Тэлефонная трубка доўга маўчала. Відаць, у Бамбіцкага было нешта накшталт шокавага стану... Потым я пачуў глухія галасы: Бамбіцкія раіліся каля тэлефона. Стрымліваючы дыханне, моцна прыціснуў трубку да вуха.

— Божухна, што яму адказаць? — разгублена гаварыў Бамбіцкі.— Запрашае да сябе ў госці. Хто?

— Адкуль я ведаю хто? Дундзік... Працуе адзін у нас... такі маленькі, касавокі...

— Дарэмна ты гэтак — ён жа твой супрацоўнік.

— У мяне іх больш сотні, супрацоўнікаў! Калі кожны пачне запрашаць у госці...

— Не дужа задзірай нос, мужанёк! Лепш разваж сур’ёзна... Адмовішся ад запрашэння — пакрыўдзіш, плёткі пойдуць: Бамбіцкі не паважае падначаленых, грэбуе калектывам... Сапсуюць біяграфію...

Бамбіцкі цяжка ўздыхнуў у трубку і голасам прысуджанага да катаргі сказаў мне:

— Сустракайце, едзем.

І Бамбіцкія не падвялі: прыехалі. Было дужа весела...

1978


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан