epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Грамадскае даручэнне

— Канешне, нашай брыгадзе яшчэ далёка да калектыву камуністычнай працы... У нас нават не ўсе маюць грамадскія даручэнні.

Брыгадзір Іван Бас сядзіць за сталом, сутульваецца і з жалем пазірае на нас. Яго позірк, поўны спачування, нібы кажа: «Добрыя вы хлопцы, але ганаровага звання з вамі цяжка дабіцца». У зале — ціха-ціха. Мы вінавата апусцілі галовы, маўчым. Сорамна глядзець у брыгадзіравы вочы, бо ведаеш — ён таксама нядрэнны хлопец, і мы яго падводзім. Нават грамадскіх даручэнняў не маем...

Але вось брыгадзір весялее, пачынае ўсміхацца, шырока і дружалюбна.

— Бачу — усвядомілі сваю віну, таварышы. Дзякуй... Прыступім жа... Якія ў каго ёсць прапановы па сутнасці пытання?

А чорт яго ведае, што прапаноўваць. Маўчым. І так ясна: дрэнь справы.

— Смялей, смялей... Я думаю кожны выбера сабе грамадскае даручэнне сам. Па душы... Так я кажу?

— Так!

— Тады давайце паактыўней... Хто пачне першы?

Устае слесар Белахвосцікаў. Ён у нас што той асілак, высокі, шыракаплечы. Любіць выпіць, любіць і падэбашырыць. Што яму зробіш... Выпрастаўшы магутныя плечы, Белахвосцікаў урачыста абяцае кожны дзень назіраць за тым, каб усе члены брыгады акуратна зачынялі за сабой дзверы ў майстэрні: холадна ўжо стала...

— Ці справішся ты? — сумняваецца Іван Бас.— Тут не проста... Можа, падмога патрэбна?

— Спраўлюся адзін,— горача запэўняе здаравіла Белахвосцікаў.— Далібог, спраўлюся, сябры...

І мы яму верым. Так дружна апладзіруем, нібы на сцэне самы славуты артыст.

Далей сход ідзе хутчэй. Кантралёр Канеўскі дае абяцанне глядзець, каб усе мы выдатна абедалі ў заводскай сталовай і елі не менш, чым па два біфштэксы... Майстар Белкін, які любіць прыкласціся да бутэлькі, акрамя таго, што ён узначальвае ў нас «Чырвоны крыж», бярэ яшчэ адну нагрузку: арганізоўваць па суботах маленькія калектыўныя выезды ў лес...

Усё гэта будзе вельмі культурна. Ну, вядома, з гарэлкай. Для весялосці...

— Брава, Белкін! Няблага прыдумаў,— радасна віншуе брыгадзір Белкіна.— З такімі, як вы, хлопцы, горы можна звярнуць. Хто яшчэ?

У адказ — мора рук. Адны — жартаўліва, другія — сур’ёзна выбіраюць сабе з дапамогай брыгадзіра даручэнні. Што значыць разбудзіць актыўнасць мас! Вось і ўсе ўжо маюць грамадскія даручэнні. Толькі я ніяк не падбяру. Ды яшчэ некалькі чалавек. Прызнацца, іншае трывожыць нас. Але брыгадзір Іван Бас, відаць, думае, што я проста нясмелы чалавек. Ён дружалюбна ўсміхаецца мне: кажы, чалавеча, не саромейся!

Ну, што ж, скажу.

— А як вытворчы план? — падаю я голас.— Не выконваем мы яго...

— Што-о?

Іван Бас пазірае на мяне з такім выглядам, нібы я яму кіслы яблык падсунуў.

— Прашу не перашкаджаць сходу другараднымі пытаннямі,— вельмі суха гаворыць ён мне.— Лепш бы падумаў, дарагі таварыш, якую сам нагрузку возьмеш... Што маўчыш? Бачу, адзін не здолееш прыдумаць. Дапаможам, хлопцы?

— Дапаможам! Хай у газету аб нас напіша,— прастуджана сіпіць Белкін.— Ён жа вершыкі складае...

— Здолееш, напішаш? — падступае да мяне Іван Бас.— Не падвядзеш калектыў?

— Не падвяду.

— Ну, тады вось табе і даручэнне грамадскае — пішы пра наш сход... Ды хораша!

І я напісаў, усё — як было.

1965


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан