epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Інтэрв’ю

У яе хутка юбілей. І ў яе вось-вось выйдзе ў выдавецтве двухтомнік выбранага, у якім шырока прадстаўлены амаль усе жанры сучаснай літаратуры — ад дзіцячых вершаў і апавяданняў да лірыка-эпічнай паэмы.

— Як вам пашэнціла ахапіць усё гэта?!

Прыжмураныя, яшчэ даволі прыгожыя вочы пазіраюць на мяне, наіўнага, паблажліва і зычліва.

— Змагла,— адказвае яна загадкава.— Талент...

Ціхія восеньскія дажджынкі журботна шамацяць за акном. Але яна звяртаецца да мяне досыць бадзёра:

— Ці даводзілася вам сустракацца з дзіцячым пісьменнікам Мурлыковічам? Не? Ну, вядома, стары ўжо даўно гойсае па Парнасе. А між тым мне было ўсяго васемнаццаць, калі я, нявопытнае дзяўчо, напаткала яго... Прыехала пракансультавацца. Смешна: вершы пра першае каханне прывезла! Ну, пагаварылі, тое ды сёе, а ён мне вазьмі ды і скажы: «Пішыце дзіцячыя вершы, дзяўчынка. Каханне для жанчыны не ў вершах, а ў жыцці цудоўнае...» І як вочы мне адкрыў! Сяброўскую руку працягнуў... А што мне яшчэ трэба было, маладой паэтэсе? Пачалася ў нас творчая дружба. Дарэчы, вы чыталі маю першую кніжку «Гулі-гулі»? Потым выйшла «Курачка і пеўнік»... Як усё гэта хутка мінула!

На яе твары — цэлая бура пачуццяў, выкліканых успамінамі аб паэтычным юнацтве. Але, цяжка ўздыхнуўшы, яна задумліва працягвае далей:

— Неўзабаве нешта надламалася ў маёй душы... Нешта перагарэла і шукала выйсця. І я знайшла яго! Дзякуй небу — яно паслала мне нашага шаноўнага байкапісца Івана Іванавіча... Гэта ж ён, чулы, сардэчны, узяў мяне за руку і вывеў на цярністы шлях сатырыка. Гэта ён рэдагаваў мой першы сатырычны верш «Рагочуць без прычыны жанатыя мужчыны...». Памятаеце саркастычны рэфрэн:

 

Хі-хі, ха-ха,

Кожны з вас не без граха!

 

Яна неяк з’едліва смяецца і недвухсэнсоўна грозіць пальчыкам, нібы гэтыя радкі адрасуюцца менавіта мне.

— Але... Усё праходзіць, малады чалавек. Рана ці позна. Яшчэ цяпер я адчуваю на сабе моцны ўплыў Адама Салоўкі з яго задумлівай філасофскай лірыкай. Толькі прашу вас, не верце аніякім там плёткам. Нічога ў нас з ім сур’ёзнага не было... Ён проста па-сяброўску падтрымаў мяне ў адказную хвіліну майго жыцця. Так падтрымаў, як некалі Пушкін Гогаля, і падказаў мне ідэю маёй эпічнай паэмы «Не ўсё яшчэ страчана...».

— І вы, нарэшце, знайшлі сябе ў гэтым жанры?

Пільным, доўгім позіркам яна глядзіць на мяне:

— Вы так лічыце? А я не зусім упэўнена... Нядаўна блізка пазмаёмілася з адным чалавекам. Вы аб ім, безумоўна, чулі: кінадраматург Дудкін! Раіць мне пісаць сцэнарыі. Абяцае сяброўскую дапамогу. Адчуваю — згаджуся! Такія ўжо, мусіць, у нас, слабых жанчын, характары...

Кінуўшы заклапочаны позірк на гадзіннік, яна спалохана войкае:

— Ой, даруйце... Спяшаюся. Дзелавая сустрэча з Дудкіным... Дарэчы, вы, здаецца, крытык? Захапляюся вашымі артыкуламі. І сама, грэшная, нешта пачынаю рабіць у гэтым жанры. Можа... як-небудзь сустрэнемся, пагаворым?

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан