epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Я — маўчу

Крочым берагам ракі да прыстані. Туман парадзеў, сонейка ўжо ўзнялося, радуе, прыгожа блішчыць у росах. І на душы ў нас радасна ды хораша, вясёлыя мы, гаваркія. Што значыць удача! А тут, аказваецца, і вёска пад носам — блукалі-палявалі побач. Я напяваю сабе нешта ўрачыстае, а нястомны Іван Лукіч бяжыць, коціцца паперадзе, усё не можа спыніцца, усё расчулена сіпіць, узрушана лапоча сваім прастуджаным голасам:

— Эх і нацюкалі мы з табой качак... Ты толькі зірні, зірні, якая прыгажосць! Галоўкі зялёныя, шыйкі беленькія... Адна ў адну. Вось яна, удача паляўнічая! Ды што я табе казаў, га? Успомні, галава і два вухі... Кажу, з пустымі рукамі не вернемся. А ты — не паляўнічыя мы, у руках стрэльбы не трымалі... Глупства ўсё гэта! Іншы аматар вунь толькі на рацэ і пасвіцца, але так за ўсё жыццё і не скеміць, дзе качкі водзяцца. Чаму, спытаеш? Ды няма прыроднага таленту! Ну, хто здагадаўся б, што дзічына гэтая пад самым носам у вяскоўцаў плавае? Хто? А мне дастаткова было вокам на азерца кінуць і — ёсць!

Іван Лукіч пераможна плюскае вачамі, яго чырвоны круглы твар так і ззяе ва ўсмешцы.

— Са мной, галава і два вухі, не прападзеш! Толькі мацней трымайся за мяне, свайго начальніка... Другі б на такой адказнай пасадзе за месяц спёкся б, а я? Як-ніяк дзесяць гадкоў кірую. Сакрэт? Ды не ж... Пад носам, пад носам, галава і два вухі, умею бачыць...

Недзе на рацэ прыглушана гудзе цеплаход. Гэта яшчэ больш узрушвае, настройвае Івана Лукіча на вясёлы лад. Ён, як той хлапчук, робіць нейкія неверагодныя скокі, падкідвае ўгору нізку настрэленых качак і жартаўліва крычыць:

— Жонка-а-а, мы ту-ут! Хутчэй, хутчэй вязі нам, міленькая, бутэлечку пагрэцца...

Цеплаход басавіта адгукаецца яму: чу-ую!

— Бачыш, як усё добранька? І жонка едзе ўжо... Дамовіўся! Мы ёй — качак, яна нам — гарэлачкі. Гэй, а ты што там? Нагу муляе? Ну, ну... пераабуйся, а я пабягу, жонку сустрэну.

Я пераабуваюся і з лёгкай зайздрасцю разважаю над шчаслівым лёсам свайго начальніка. Яго рухавая постаць ужо знікла за кустамі лазняку. Я ўяўляю, як ён паказвае нашы трафеі, як выхваляецца перад жонкай і задаволена рагоча.

Але раптам да мяне даносяцца два галасы: вісклівы жаночы і нейкі сварлівы Івана Лукіча... Крычаць, спрачаюцца. Ну, вось табе, прыехала жоначка... Адразу пазнаеш!

Я толькі здзіўляюся, калі Іван Лукіч паспешліва вяртаецца да мяне і сярдзіта сіпіць:

— У цябе ёсць... грошы?

— Ёсць.

— Давай іх усе сюды!

Нічога не разумеючы, падаю грошы, пераабуваюся і спяшаюся да прыстані. Бачу, як ад Івана Лукіча шыбуе да вёскі нейкая жанчына, а ён стаіць, чамусьці пералічвае нашых качак, прыдзірліва мацае іх, нават нюхае і вельмі злосна дакарае некага:

— Хіба ж гэта птушка, га? Хіба яна каштуе па тры рублі кожная? Ды за гэтыя б грошы на рынку... Цьфу, дыхляціна! Глядзець брыдка. Калі ўжо трымаеш, гаспадынька, качак, дык кармі іх дома, а не распускай па ўсім лузе...

Тым часам кіруецца да нас зноў жанчына. На гэты раз — ужо жонка Івана Лукіча. Ён кідае спалоханы позірк у яе бок, моршчыцца, як ад кіслага, і змоўніцкі прыціскае палец да вуснаў: маўчы...

Я — маўчу.

1971


1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан