epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Як мяне выхоўвалі...

Учора, калі я вярнуўся са школы, нам пазванілі... Відаць, мая настаўніца, бо бацька, пагаварыўшы, нервова кінуў тэлефонную трубку, насупіўся і сурова сказаў:

— Ну, Мішачка, беражыся... Хопіць мне ўжо гэтых званкоў... Дастукаўся, хлопец... Вось прыйдзе выхадны, пабачыш, што я зраблю з табой!

І так зірнуў на мяне, што аж дрыжыкі прабралі.

А выхадны — заўтра... Усяго праз адну ноч. Сапсаваўся настрой у мяне, нічагусенькі не хочацца рабіць. Я нават не стаў рыхтаваць урокаў, не павячэраў як след і як мага раней лёг спаць — пакуль бацька не вярнуўся з працы. Ляжаў, доўга не спаў і, вядома, усё разважаў, што ж мяне чакае заўтра. Бацька можа прычапіцца за што-небудзь і добра адлупцаваць. Аднойчы было такое... Але гэта не самае страшнае — раз-два сцебане папругай, а потым і грошай яшчэ на марожанае дасць. Горш, калі не пусціць на вуліцу. Яшчэ горш, калі засадзіць за ўрокі і будзе стаяць ля мяне пільным вартавым, пакуль не вывучу верша, не парашаю задачак і не перапішу чысценька пісьмовае...

Ну, а самае горшае што?

Так я і не дадумаўся, што за страшная кара мяне чакае, так і заснуў.

Прачнуўся я ад таго, што нехта размаўляў ля ложка. Крышачку расплюшчыў вочы і ўбачыў маму і тату.

Бацька сярдзіта гаварыў:

— Трэба будзіць Мішку, хай устае ды што-небудзь робіць. Годзе лайдачыць.

Мама пярэчыла:

— Не чапай. Сон для дзіцяці — галоўнае. Зірні, ён і так у нас схуднеў, бледненькі стаў. Не дай божа, захварэе!

Я ледзь не рассмяяўся — і зусім я не бледны... Ну і выдумала! Проста яна бацьку расчуліць хоча.

І вось ужо вінавата зарыпелі маснічыны, бацька ціхенька выйшаў з пакоя следам за мамай, а я зноў заснуў — хоць пасплю, пакуль мяне яшчэ не сталі выхоўваць...

Дасыпалася соладка. Спаў, пакуль сонца ў акно прыпякаць не стала. Не паспеў апрануцца, а бацька — тут як тут. І зусім не грозны — вясёлы такі, жартаўлівы, у новым касцюме. Во дзіва! Сунуў мне ў рукі грошы і просіць у магазін па гарэлку збегаць.

— Скоранька! Адной нагой тут, другой — там. Госці чакаюць.

Дык вунь яно што! Ну, пранясло, здаецца... Люблю, калі ў нас бываюць госці. Ніхто на цябе ўвагі не звяртае: усе занятыя, рабі што хочаш. Ну, а за гарэлкай для гасцей я мігам злётаю, гэта не над задачкамі карпець!

Ужо калі вяртаўся з магазіна, сустрэў каля самага нашага дома Жэньку-ціхоню. Я яго даўно збіраўся злавіць ды добранька ўсыпаць, а тут ён сам на вочы лезе... Завязалася ў нас бойка. Жэнька хоць і мацнейшы, але непаваротлівы, як мядзведзь. Ён мяне раз штурхне, а я яго — два... Можа б, так і разышліся мы ўнічыю, ды бацька з акна крычаць стаў:

— Не паддавайся, Мішка! Не пасаром сям’і нашай... Дай яму!

Я злаўчыўся і накаўтаваў Жэньку-ціхоню. А калі я прыйшоў дамоў, дык бацька трыумфальна ўзняў маю руку і звярнуўся да гасцей:

— Вось ён, пераможца! За яго і вып’ем першую чарку...

Потым, калі на стале засталіся адны пустыя бутэлькі і зніклі госці, бацька сказаў:

— Ну, Мішачка, а зараз буду... цябе... вых-хоўваць... Трымайся!

А сам — зусім ужо на нагах не трымаецца, зрабіў да мяне крок і як той сноп паваліўся на рукі маці. Яна яго — на канапу. А мне так весела, так весела зрабілася, што захацелася яшчэ раз аддубасіць Жэньку-ціхоню... І я пабег на вуліцу.

1970


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан