epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Як рыхтуюцца ўрокі

Класны кіраўнік пазніўся, і ў класе стаяў неверагодны шум. Гаманілі, рагаталі, перабівалі адзін аднаго, расказваючы, як хто рыхтуе ўрокі...

— Люблю рыхтаваць англійскую мову,— жыццярадасна звінеў тонкі галасок.— У мяне некалі па ёй пяцёркі былі...

— Ха, англійская! З англійскай мовай і я не пакутую,— азваўся нехта з задніх партаў.— Сусед у нас паліглот. З дыпламатаў, кажуць. Яму з нямецкай ці англійскай перакласці — раз-два. Папрашу практыкаванне зрабіць — ніколі не адмовіць. Толькі тады ўжо ў знак удзячнасці мушу з ім у шахматы гуляць...

— А я... сачыненні добра пішу! Асабліва на вольную тэму... Адно маё сачыненне пра рыбалку на школьным конкурсе першае месца заняло!

Той, хто выхваляўся, пераможна зірнуў на свайго суседа ў акулярах і збянтэжана прызнаўся:

— Вось толькі мастак з мяне дрэнны — не магу маляваць, хоць забі! З кім бы наладзіць узаемавыгадны абмен? Я пішу сачыненне — мне малююць...

— Згода! Па руках... Я цябе гэтымі малюнкамі закідаю! Бачыў школьную газету — мая работа.

— Ну, тады дамовіліся...

— Грамадзяне, пашкадуйце і мяне! Вазьміце і нада мной хто-небудзь шэфства: заелі праклятыя задачкі... Толькі дамоў прыйду, не паспею нават падсілкавацца як трэба, не тое што адпачыць, а мяне ўжо саджаюць за матэматыку. Калі яшчэ так месяц працягнецца — наўрад ці вы мяне больш убачыце ў гэтым класе! Не верыце? Зірніце, як я змарнеў, схуднеў, на пудзіла падобны стаў...

Грымнуў вясёлы смех: шчуплая постаць пакутніка матэматыкі выклікала шчырае шкадаванне.

У гэты момант раптам пачуўся трывожны голас:

— Ціха, класны ідзе...

Рыпнулі дзверы, увайшоў з журналам сівы настаўнік, павітаўся:

— Добры дзень, шаноўныя бацькі!

Пачаўся бацькоўскі сход.

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан