epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Як трэба вітацца

Калі мой дзядзька Пятро Іванавіч, былы наменклатурны работнік, выйшаў на пенсію, ён наладзіў званы вечар, на які запрасіў і мяне.

Пасля цырыманіяльнай урачыстай вячэры мы з Пятром Іванавічам зайшлі ў кабінет для сур’ёзнай, як дзядзька сказаў, гутаркі. Мяккае старамоднае крэсла нібы праглынула майго невялічкага родзіча, так што на паверхні побач тырчала толькі два шары: круглы жывот і галава-цыбуліна... Пятро Іванавіч дабрадушна пазіраў на мяне са свайго ёмкага гнязда і ўсміхаўся. Але ж не падумайце, што гэтая ўсмешка была простай: вось я, нарэшце, і на пенсіі! Нічога падобнага. Яна мне гаварыла зусім пра іншае: я, слава богу, прайшоў службовую лесвіцу, а табе, малады чалавек, тупаць ды тупаць! А як — ты ведаеш? Не-е, не ведаеш... Дык вось, пляменнік, паслухай старога.

І Пятро Іванавіч гаворыць — ціха, ледзь не шэптам, а вочы, схаваныя ў жоўтыя маршчыністыя мяшэчкі, ззяюць сапраўднай дзяржаўнай мудрасцю.

— Ты зразумей, хлапец... Жыццё пражыць — не поле перайсці. А выбіцца ў людзі — яшчэ цяжэй. І самае галоўнае, бадай, тут умець трымаць сябе з начальствам. Так што ты да мяне, пенсіянера, заходзь часцей, я цябе такому навучу — ні ў якой кніжцы не вычытаеш... Ну, вось хоць бы такое. Як ты вітаешся са сваім дырэктарам?

— Ну як? Вельмі проста. Прывітаюся і крочу далей...

— На самай справе? Так вось абыякава кінеш «прывецік», і ўсё?

— А як яшчэ?

— Эх, галава і два вухі!

Пятро Іванавіч так шчыра і добразычліва смяецца, што я пачынаю рагатаць разам з ім. Але раптам твар яго прымае сур’ёзны засяроджаны выгляд.

— Ну, хопіць... Смех смехам, але ты многае губляеш, хлапец... Па-першае, зарубі на носе, што начальніку трэба аказваць ва ўсім пашану, разумееш? І нават у тым, як вітаешся... Бачыш, ідзе твой дырэктар — за дзесяць крокаў, як кажуць вайскоўцы, еш яго вачамі... Я хоць і не служыў у арміі, але скажу табе — здорава ў іх гэтая справа наладжана. Як радавыя сустракаюць генерала, бачыў? У струнку ды гэтым самым страявым крокам... Чак-чак! Чак-чак! Люба-дорага...

Дзядзька раптам не па гадах жвава скаціўся з крэсла, важна надзьмуў шчокі і, задраўшы галаву, борздзенька пракавыляў сваімі касалапенькімі ножкамі міма мяне...

— Ну што, як? Прыгожа? Я хоць і не служыў у арміі, а тое-сёе разумею... І вось калі ты так будзеш сустракаць начальства, то, запэўняю, нават самая чэрствая душа зверне на цябе ўвагу. А што значыць увага начальства? Ого! Гэта — усё!.. Павер мне.

Пятро Іванавіч прыжмурыўся, кашлянуў і загаварыў далей — павольна і выразна, як тая школьная настаўніца на дыктоўцы:

— Калі ты думаеш заваяваць сэрца свайго дырэктара, абавязкова паназірай, як ён вітаецца: затрымлівае тваю руку ці не, любіць моцны поціск ці адразу вырывае руку. Улічы ягоны характар, схільнасці. І, барані божа, калі дырэктару не падабаецца здароўкацца за руку, а ты будзеш нахабна тыцкаць сваю лапу ды яшчэ трэсці, усю кар’еру сабе сапсуеш... У такім выпадку лепш за ўсё сціплы ківок галавой і два-тры словы. Ну хоць бы такія: «Маё шанаванне!», «Добрага здароўечка!» Пры гэтым не праміні крышачку ўзрадавана ўсміхнуцца, нібы ты ўсе апошнія дні толькі і марыў аб гэтай сустрэчы. Чакай, ледзь не забыў... Калі вітаешся за руку — не паказвай сваёй мускульнай перавагі. Рабі поціск сардэчны, але... без гэтага... А ну, давай паздароўкайся са мной! Для практыкі...

Пятро Іванавіч асцярожна падаў мне сваю маленькую валасатую руку, я схапіў яе і, адчуваючы лёгкае галавакружэнне ад выпітага, рашыў укласці ў поціск усе сваяцкія пачуцці... Відаць, атрымалася нядрэнна.

— Уу-у-у! — заенчыў дзядзька.— Кінь, чуеш, кінь, жывадзёр, руку! Ох...

З мінуту Пятро Іванавіч тупа пазіраў на мяне, потым са злосцю плюнуў і абурана сказаў:

— Баюся, нічога з цябе, дуралея, не выйдзе... Хто так здароўкаецца? Ды пасля такога любы начальнік і на парог кабінета цябе не пусціць...

І, без асаблівай ахвоты ўжо, дзядзька тлумачыць мне далей, як трэба развітвацца, улічваючы канкрэтныя ўмовы і настрой начальніка. Добры настрой — дай сябе заўважыць, падыдзі, падай руку і нават пажадай яму шчаслівага шляху і прыемнага сямейнага адпачынку... Можна нават анекдоцік расказаць вясёленькі! Калі ж настрой у таго дрэнны — не трапляйся на вочы, мухай-камарыкам прашмыгні міма...

— Іншая справа, калі развітваешся з падначаленым. Тут ты, хлапец, павінен быць заўсёды на вышыні. Гэта няцяжка. Дай адчуць яму ўсім выглядам сваю службовую перавагу. Ён табе: «Да пабачэння, Пятро Іванавіч!»,— а ты не спяшайся, не спяшайся з адказам. Паглядзі на яго доўгім, пільным позіркам — наскрозь, маўляў, бачу — і абыякава кінь: «Усяго!» А то наогул не кажы нічога... Нібы і не чуў. Дай адчуць, з кім ён размаўляе. Вось як!

Дзядзька засмяяўся, змоўніцкі падміргнуў мне і, пазяхаючы, сказаў:

— Хочаш, паўторым пройдзены матэрыял: будзем развітвацца... Дапусцім, ты — мой начальнік.

Пятро Іванавіч хуценька падышоў да мяне. Але цяпер гэта быў ён і не ён. Я не пазнаваў свайго роднага дзядзьку ў згорбленым, нясмелым чалавеку з ліслівай усмешкай...

— Да пабачэння! — прамовіў ён ціхім, салодкім голасам.

Я моўчкі, абыякава зірнуў на дзядзьку і, нічога не гаворачы, накіраваўся да дзвярэй.

— Малайчына! Выдатна атрымалася,— пачуў я за плячамі.— Толькі не спяшайся, паглядзі на мяне з большай пагардай...

Прызнацца, я гэта зрабіў з вялікай ахвотай.

1959


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан