epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Карней

Карней выйшаў на лесвічную пляцоўку. Кружылася галава. Кружылася ад выпітага, ад вальса, ад Клаўкі!.. Ён і зараз яшчэ адчуваў яе мяккае цела, вострыя грудзі — у танцы яна так цесна прыціскалася да яго, гэтая Клаўка!

Самазадаволена ўсміхаючыся, ён паправіў накінуты на плечы сіні кіцель рачніка і стаў спускацца па лесвіцы. Прыступкі скакалі перад вачамі. Цэментовыя, вышчарбленыя па краях, яны зараз былі мяккімі, як вата. Карней паволі ставіў на прыступку нагу і чамусьці лічыў:

— Р-раз, два-а... Раз, два-а...

На першым паверсе спыніўся, прыслухаўся. Там, у Клаўкі, па-ранейшаму гучала музыка. Там быў Саўкін. І гэта была яго любімая пласцінка, якую ён прынёс з сабой.

— Олрайт! — выкрыкваў мужчынскі голас.

— Окэй! — уторыў яму жаночы.

Вось дык Саўкін! Вось дык механік... І дзе ён толькі такую пласцінку адкапаў? Дзе ён адкапаў гэтых дзяўчат?

Карнею ніколі так не было весела. І ўсё гэты Саўкін. Без яго нічога такого і не было б: ні музыкі, ні дзяўчат.

Карнею было што расказаць сваім равеснікам — тым, з іхняй вёскі. На вечарынку ён з'яўляўся расфранчаны, і яго адразу ж акружалі хлопцы. Яго, памочніка механіка цеплахода!

— Здароў, Карней!

І кожны імкнуўся сунуць сваю руку першы.

— Салют, пацаны,— вяла, нібы нехаця, адказваў Карней. І прапаноўваў:—Чыво талкацца тут? Выйдзем на вуліцу, азонам падыхаем, закурым...

Гаварыць ён стараўся прыгожа і ўжо толькі па-гарадскому. І выходзіла гэта ў яго смешна, таму што ўсё роўна вымаўляў ён словы так, як вымаўлялі іх у вёсцы — трохі працяжна, цвёрда, на свой лад.

Але хлопцы слухалі Карнея з вялікай цікавасцю — пра тое, як ён пасля палучкі сустрэўся з Нюськай — буфетчыцай з рэстарана, колькі выпілі румынскага рому, як праводзіў...

— О-го-го-го-го! — дружна, як па камандзе, рагаталі хлопцы.— Ах, каб цябе... Ну і Карней!

Расказваючы, Карней, вядома, прыдумваў тое-сёе — так яно выходзіла цікавей. Але ў асноўным усё было праўда: жыў ён весела. А з’явіўся на цеплаход механік Саўкін — яшчэ весялей стала. У таго столькі было знаёмых дзяўчат...

Твар у Карнея быў нейкі мангольскі, з шырокім храшчаватым носам — не такі прыгожы, як у Саўкіна. Затое незалежны і гарачы позірк Карнеевых карых вачэй заўсёды бянтэжыў дзяўчат. Ды і ў плячах Карней быў моцны. І ростам — без малога два метры.

Не, сабой Карней быў задаволены! Прыйшоў з арміі — адразу ж уладкаваўся матросам на рэйсавы цеплаход Гомель — Кіеў. Праплаваў гады чатыры, падвучыўся і памочнікам механіка стаў. Жыў у інтэрнаце. Аб жаніцьбе неяк і не думаў — куды спяшацца?

Карней стаяў на лесвіцы і ўсміхаўся: зноў успомніў Клаўку, іх першае вясёлае знаёмства.

— Гэ-эй, каланча! Ты яшчэ доўга будзеш там прахалоджвацца?

Карней падняў галаву і ўбачыў у лесвічным пралёце маленькі, з кулачок, твар Саўкіна. Побач з Саўкіным, прыціснуўшыся да яго, стаяла Клаўка. Яна таксама нешта гаварыла, смяялася і паказвала на Карнея рукой.

— А ідзіце вы к чорту!

Карней нават сам не зразумеў, што яго раптам раззлавала: ці гэты п’яны голас Саўкіна і яго пагардлівае «каланча», ці тое, што побач з ім стаяла Клаўка.

— Ідзіце вы ўсе к чорту! — ужо зусім сярдзіта крыкнуў ён і, адштурхнуўшыся ад поручняў лесвіцы, не азіраючыся, выйшаў з пад’езда ў двор.

Тут было ціха. Сюды шум вуліцы амаль не даносіўся. Па-асенняму жоўтае лісце залацілася на сонцы, неяк ляніва варушылася і паволі шамацела — стомлена, тужліва.

Прысеўшы на лаўцы, Карней слухаў гэты шум, і твар яго мякчэў. Злосць прайшла, але стомленасць і адзінота адчуваліся мацней. Гэта з ім здаралася і раней: пустата і адзінота... Гэта было. Менавіта так, як зараз.

Каб пазбавіцца сумных думак, Карней стаў разглядаць двор. У левым кутку двара, пад нейкай дзіўнай паветкай, пенсіянеры «забівалі» казла. Маладая жанчына развешвала на валейбольнай пляцоўцы бялізну. Пасярод двара капаліся ў пяску дзеці. І з той жа незалежнасцю старая з прамой, як палка, спіной, высокая і хударлявая, каціла па алейцы насустрач Карнею блакітную дзіцячую каляску. Карней падумаў, што такія сухія жанчыны заўсёды злыя. Але гэтая жанчына здзівіла Карнея сваім добрым, зусім не строгім тварам. Сваёй ласкавай усмешкай. І голасам, мяккім, прыемным.

— Паранёк, што цябе папрашу... Паглядзі, мой даражэнькі, хлопчыка... Паглядзі, а я збегаю пліту выключу... Я хуценька!

— Ладна, ідзіце,— не зусім ахвотна кіўнуў галавой Карней.— Толькі ненадоўга. А то я пайду.

Старая падкаціла да самых Карнеевых ног каляску і, неяк смешна прысядаючы, подбегам рушыла ў пад’езд. Карней утаропіўся на дзіця. І трэба ж, вось з такога маленькага, чырвонага камячка павінен вырасці чалавек!

— Эх ты, недацёпа! — падміргнуў Карней хлопчыку.— Што маўчыш? Называецца — ча-ла-ве-ек...

Дзіця ляжала спакойна. Круглы поўны тварык яго паружавеў на паветры і быў ціхамірны, вочы нерухома глядзелі на Карнея. Толькі губы, прыхаваныя белым кружочкам пустышкі, хутка-хутка варушыліся.

— Ну і чалавечына, ссе сабе пустышку, і гора яму мала... Цябе ж, браце, ашукваюць! Эх, галава і два вухі — не разумееш? — спачувальна сказаў Карней.

Яму раптам захацелася па-сяброўску паляпаць гэтую неразумную істоту па плячы. Так вось проста, па сяброўску, як дарослага. Але дзе ў яго гэтае плячо? Захутала старая — толькі тварык і выглядае. Карней схіліўся над хлопчыкам і, працягнуўшы жылістую руку, асцярожна паправіў каля галавы мяккія складкі байкавай коўдры.

— Вось так, арол, лепш... Лепш? Ну, адказвай?{адказван?

Дзіця раптам усміхнулася Карнею — пустышка з белым кальцом адкацілася ўбок, пухлыя губкі ўздрыгнулі і прыадкрыліся.

— Ты што, а? Ты што? — здзівіўся Карней.

Ён не чакаў гэтай усмешкі ад хлопчыка. Ён упершыню бачыў яе так блізка — асаблівую, ні з чым не параўнальную ўсмешку дзіцяці, і яшчэ ніжэй схіліўся над каляскай.

Карней пазіраў на хлопчыка і адчуваў, як сэрца сціскаецца ад незнаёмай дагэтуль пяшчоты. Ён не заўважыў нават, як прыйшла старая. Яна падзякавала Карнею, сказала:

— Першы ён у мяне, унучак... Першанькі! Думала, не дачакаюся ўжо — гады ж ідуць! Ды вось бог даў, дачакалася гэтага сапліўчыка...

Старая схілілася над каляскай і са шчырасцю шчаслівай бабулі расказвала пра сына, з якім жыве, пра нявестку. І ўжо як добраму знаёмаму сунула Карнею патрымаць хлопчыка, каб знайсці ў калясцы пустышку.

Карней нерашуча, па-мужчынску няўмела ўзяў дзіця. Узіраючыся ў гарэзлівы твар хлопчыка, зноў раптам адчуў прыліў незнаёмай дагэтуль пяшчоты.

— Што, падабаецца? — спагадліва запытала Карнея старая, забіраючы дзіця.— Падабаецца, па вачах бачу... Нежанаты яшчэ? Вось і трэба жаніцца ды свайго такога мець!

Гэтыя звычайныя, але выказаныя менавіта цяпер словы жанчыны ўразілі Карнея сваёй прастатой і важнасцю. Старая пайшла далей па алейцы, коцячы перад сабой каляску, а ён стаяў і задумліва пазіраў ёй услед.

Праз некалькі хвілін Карней выходзіў на вуліцу — праз той жа пад’езд. Зноў там, наверсе, у Клаўкі, грымела музыка. Любімая Саўкіна пласцінка. Той жа мужчынскі голас выкрыкваў: «Олрайт!», і той жа жаночы пацвярджаў: «Окэй!» І цяпер Карнею здалося, што гэтыя чужыя рэзкія галасы належаць Саўкіну і Клаўцы. Ён не ўтрымаўся і вылаяўся. Але не зласліва, а з пагардлівай спакойнай усмешкай — як чалавек, які нечакана многае зразумеў, у якога наперадзе было ўжо нешта сваё, нешта харошае і радаснае.

1968


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан