epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Кашолка

Быў шэры вясновы дзень. Пагрозліва грымела неба, дажджыла. Інжынер Рыгор Рыгоравіч Смактунец, чалавек пенсійнага ўзросту, тоўсты і хваравіты, санліва брыў з трэстаўскай сталовай у свой кабінет. Абед яму вельмі спадабаўся: ружовы халаднічок, густа прыпраўлены смятанай, добра падсмажаная качка... Не тое што ў камандзіроўцы, з якой ён толькі што вярнуўся. Ад сытнага абеду ўсё цела налілося прыемнай стомай — так і цягнула падрамаць за рабочым сталом свае звычайныя паўгадзінкі. Але Рыгор Рыгоравіч адчуваў, што сёння гэты фокус яму не ўдасца: вельмі ўжо растрывожыў перадабедзенны званок земляка Хамутоўскага... Прычапіўся як смала: «Дазвольце зазірнуць да вас, аддзячыць... Я абавязаны!» Ён абавязаны... Яшчэ б не абавязаны! За добрыя словы ніхто нічога не робіць. Чаго толькі каштавала Рыгору Рыгоравічу «прабіць» кватэру пляменніцы Хамутоўскага... Але, як кажуць, беражонага бог беражэ. Прасіў на працу падарунак не несці... Строга ўжо вельмі стала ў трэсце. Прыкмецяць — бяды не абярэшся. Вунь гэты мясцкомавец Дрозд так і стрыжэ вачамі. Малады, малако на губах не абсохла, а ўсюды свой нос тыцкае, усё не па ім!

Адчуваючы, як канчаткова псуецца настрой, Рыгор Рыгоравіч сярдзіта тыцнуў ключом у дзверы кабінета, але яны нечакана самі лёгенька адчыніліся з ціхім таямнічым рыпам. Пракляты склероз! Зноў забыў за сабой дзверы замкнуць... Так хутка і галаву згубіш. Ён з прыкрасцю, неахвотна падсунуў крэсла да стала, мякка сеў, прывычна выцягнуў ногі і... аслупянеў: перад ім, у кутку, на старым чорным сейфе бялела вялікая круглая кашолка. З яе, як ствалы дрэнна замаскіраванай батарэі, здрадніцкі тырчалі сярод кветак бліскучыя рыльцы бутэлек шампанскага...

Цэлы рой трывожных думак ліхаманкава пранёсся ў галаве Рыгора Рыгоравіча: хто занёс кашолку ў кабінет?! Безумоўна, Хамутоўскі... Сумненняў ніякіх, яго, нягодніка, падаруначак. Во падсунуў дык падсунуў свінню... Вось і рабі пасля гэтага людзям дабро: падвядуць пад манастыр — раз плюнуць... Зараз хто-небудзь зойдзе, убачыць і раззвоніць на ўсю ўстанову. Тады выкручвайся, даказвай, што ты не вярблюд...

Ледзь не плачучы ад прыкрасці і страху, Рыгор Рыгоравіч схапіў кашолку і папёр яе на калідор. Ён яшчэ не ведаў, куды цягне — у цёмны куток гардэробнай ці пад лесвіцу. Адзіным яго жаданнем было неадкладна пазбавіцца кашолкі, схаваць пракляты «падарунак». Аднак кашолка была цяжкаватай, і Рыгор Рыгоравіч мусіў прыпыніцца. У тую ж хвіліну пачуліся гулкія крокі: з другога канца калідора дыбала знаёмая цыбатая постаць. Яна пагрозліва сунулася насустрач, расла, як навальнічная хмара. Мясцкомавец Дрозд! Спалоханы Рыгор Рыгоравіч хацеў кінуць злашчасную кашолку і ратавацца ўцёкамі. Ды толькі ўцякаць было позна: Дрозд ішоў хутка, ён быў амаль побач, і шкельцы яго акуляраў блішчалі бязлітасна-строга. Уцягнуўшы галаву ў плечы, засланіўшы кашолку шырокім целам, Рыгор Рыгоравіч паспрабаваў сунуцца назад, у свой кабінет: раптам не заўважыць. Але малады басавіты голас ужо разносіўся па ўсім калідоры:

— Вы ўжо несяцё? Ну і добра! А я толькі хацеў сам забраць... Давайце ў актавую залу... Увесь калектыў сабраўся. Там гэты гасцінчык і абнародуем!

Паркет паплыў пад нагамі Рыгора Рыгоравіча: засыпаўся... З апошніх сіл ён ухапіў кашолку і панёс следам за Драздом. Ніколі ў жыцці ні адна рэч не здавалася яму такой цяжкай, як гэта праклятая кашолка. Ён страшэнна ўспацеў, задыхаўся. Каля дзвярэй актавай залы спыніўся і трусліва, блытана, яшчэ спадзеючыся на нейкі цуд, пачаў плаксіва тлумачыць наконт кашолкі Хамутоўскага... Але заклапочаны хлопец толькі здзіўлена ўсміхнуўся, пагардліва махнуў рукой — маўляў, потым разбяромся — і ўпіхнуў разгубленага Рыгора Рыгоравіча ў дзверы.

У маленькай зале было цесна. Не прабіцца. Дрозд узяў з рук Рыгора Рыгоравіча кашолку, высока падняў над галавой (спецыяльна, каб усе бачылі!) і панёс на сцэну, у прэзідыум.

Буйныя кроплі поту засцілалі вочы Рыгора Рыгоравіча. Ужо не маючы сіл ні глядзець, ні слухаць, ён апусціў галаву і лавіў са сцэны толькі асобныя фразы, з жахам чакаючы, калі назавуць яго прозвішча. А за вокнамі ліў дождж, бліскалі маланкі, ракатаў гром. Усё, усё было супраць яго, Рыгора Рыгоравіча! Потым на сцэну чамусьці падняўся сівы інжынер Каласкоў. І адтуль, як адгалосак грому, прагучаў бас мясцкомаўца Дразда:

— Гэтую скромную сувенірную кашолку мы падрыхтавалі ўсім калектывам і ўручаем нашаму шаноўнаму юбіляру ў дзень яго пяцідзесяцігоддзя...

Ачмурэлы Рыгор Рыгоравіч не верыў сваім вушам... Толькі цяпер ён нарэшце ўспомніў пра юбілей Каласкова, пра тое, што яшчэ з зарплаты разам з усімі даваў грошы на падарунак.

— Дык аб якім гэта Хамутоўскім вы мне расказвалі, Рыгор Рыгоравіч? — пачуў ён раптам зноў побач знаёмы бас.

Спалохана ўзняў галаву: над ім узвышалася мефістофельская постаць Дразда. Той — рагатаў. Шчыра, нястрымна, аж трэсліся шырокія плечы. І гэтак жа весела, шырока грымеў на вуліцы вясновы гром...

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан