epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Каза

Федзька сядзіць каля акна і прышывае гузік да бушлата. Пяць гадоў бушлат у Федзькі, а які моцны! Зносу няма... Яшчэ калі шкіперам плаваў, купіў у Кіеве ў аднаго знаёмага матроса.

Федзька спяшаецца. Праз гадзіну яму заступаць дзяжурыць на прыстані. Работа там не цяжкая: сустрэнь цеплаход, дапамажы прышвартавацца ды правер білеты ў пасажыраў. Вось і ўсё. Але быць трэба без спазнення, нават лепей крышку раней — начальніку прыстані гэта падабаецца.

Нарэшце гузік прышыты. Федзька схіляецца над бушлатам, ніжняй губой падхоплівае нітку, каб перакусіць, і... раптам замірае. У расчыненае акно з двара даносяцца галасы: жончын і матчын. Сварацца! Федзька ўздыхае. Так у іх амаль кожны дзень. Што ж гэта такое? Зноў аўрал, зноў свістаць усіх наверх?

Не, не думаў Федзька, калі жаніўся, што будзе так. Гэта ж з-за кожнай дробязі сварацца. Паслухаеш — дык і матка не вінаватая, і жонка не вінаватая... Паспрабуй, разбярыся.

Звычайна, калі пачынаецца сварка, Федзька сыходзіць з дому ці ўключае радыё — абы нічога не чуць. Але ў акне Федзька бачыць маленькую згорбленую матчыну постаць, бачыць, як яна бездапаможна, нібы малое дзіця, выцірае рукавом слёзы,— і ў яго нешта пачынае шчымець у грудзях. Яго раптам ахоплівае вялікая, даўно забытая жаласць да маці. І ён адчувае, што нечым вінаваты перад ёю за гэтыя слёзы.

— Не будзе жыцця, не будзе! — з'явіўшыся на парозе, крычыць жонка.— Твая маці давядзе мяне, што кіну ўсё і пайду куды вочы глядзяць! Ты зірні: памыла каструльку, вышаравала, вычысціла, а яна яе так закурыла, што хоць выкінь! Ты зірні...

Федзька глядзіць на каструльку, потым на жонку і нібы ўпершыню бачыць перад сабой гэты скрыўлены злосцю жончын твар.

— Калі сама сабе стала варыць — хай зусім аддзяляецца ад нас. З мяне хопіць! Яна проста здзекуецца з мяне, а ты ёй патакаеш.

Звычайна ў такіх выпадках Федзька не вытрымлівае патрабавальнага позірку жонкі: ён сярдзіта падыходзіць да маці і двума-трыма словамі прымушае яе змоўкнуць. І старая маўчыць, горка сцяўшы губы, куточкі рота апускаюцца яшчэ ніжэй. Потым, не гледзячы на сына, яна ідзе на вуліцу ці ў хлеў. І Федзька ведае чаму: у хляве каза. Белая, з чорнай зорачкай на лбе, каза Зойка, якую падарыла ў мінулым годзе маці яе сястра. А жонка, усміхаючыся, абавязкова зазначыць:

— Ну вось, зноў пайшла... скардзіцца... Каза ёй даражэй за нявестку. Казе яна гэткіх ласкавых слоў нагаворыць, якіх родным дзецям ніколі не казала...

І сапраўды, Федзька аднойчы чуў, як размаўляла маці з казой. Як з чалавекам. Пасля гэтага ён ноччу доўга не спаў, а назаўтра раніцою пайшоў і купіў старой хустку. Звычайную, паркалёвую, за рубель. Але гэтаму падарунку маці так узрадавалася, што Федзьку нават няёмка стала.

А зараз жонка ўсхліпвае побач. І вочы яе па-ранейшаму пазіраюць зласліва — так ад гора не плачуць, ад крыўды — таксама. Так плачуць ад злосці.

— Не вытрываю я гэтай катаргі, Федзька... Чуеш? Сіл маіх няма.

Толькі Федзька нібы прырос да акна і не звяртае ўвагі на жонку. Ён глядзіць, як маці выводзіць казу з хлева, навязвае ёй на рогі выбеленую ў расе вяроўку. Павядзе на пашу. Да ракі. Каза не слухаецца старой. Круціць галавой, упіраецца кароткімі моцнымі ножкамі.

— Зойка, не круціся! Каму кажу? Ну, не круціся, міленькая...

Федзьку здаецца, што ён нават бачыць, як ад натугі дрыжаць матчыны аслабелыя рукі. І ў гэты момант ён чуе голас жонкі:

— Што, можа, казу ёй павядзеш?

Федзькаў твар наліваецца чырванню.

— А што? І павяду... Павяду! — з пагрозай адказвае ён.

Федзька хутка выходзіць на двор, моўчкі забірае ў старой канец вяроўкі і цягне казу на вуліцу.

Але, зрабіўшы некалькі крокаў, Федзька нерашуча спыняецца. Яго гарачнасць праходзіць, а замест яе паяўляецца пачуццё сораму: няўжо яму, шкіперу, прыйдзецца весці гэтую брыдкую жывёліну праз усе мястэчка? Засмяюць. Скажуць: флоцкі ўжо козамі камандуе! Ах, каб цябе... Яшчэ ўпіраецца, наровіцца... Вунь ужо і суседка насустрач ідзе:

— Федзь, а Федзь, ты яе не цягні так, ты адпусці вяроўку ды лёгенька падганяй сабе. Яна і пойдзе...

Федзька злуе, але вяроўку паслабляе.

— Ну, пайшла, воўчае мяса!..

Замахнуўся — патрухала ўперад. Хутчэй бы яе пераправіць на востраў, дзе пасвяцца козы з усяго мястэчка. Ды так, каб непрыкметна — каб ні начальнік прыстані, ні касір не бачылі. А то ад іх кпінаў увесь год чухацца будзеш.

Не-е, чуе Федзькава сэрца, што фокус яго не пройдзе. Вунь на дэбаркадэры цэлы ўзвод мужчын — нібы яго з казой толькі і чакаюць. І начальнік прыстані, Медзін, сярод іх, і Антон, касір.

Федзька гатоў праваліцца скрозь зямлю, павярнуць назад. Ён нават спыняецца, мяркуючы, як быць. Але каза нечакана ледзь не вырывае вяроўку з рук, па старой звычцы хутка бяжыць уніз, да ракі. Федзька — следам.

— Гэй, Федзька, ты што, казу на стометроўку трэніруеш? — крычыць з дэбаркадэра Антон.

Мужчыны рагочуць. На ўсю прыстань. Ліпкі пот выступае на твары ў Федзькі. Ён падганяе казу на прычал, прымушае яе скокнуць у вялікую лодку, улазіць сам і... А каб цябе... Вёслы ж на дэбаркадэры! Федзька кляне ўсё на свеце, груба лаецца і разгублена пазірае на мужчын.

— Сядзі, сядзі ў лодцы,— крычаць з дэбаркадэра.— Вёслы мы падамо табе.

Сапраўды, праз якую мінуту сам цыбаты Медзін прыносіць вёслы і, усміхаючыся, падае іх Федзьку.

— Што, маці рашыў памагчы? — ужо сур’ёзна гаворыць ён.— Правільна, братка. Старой з гэтым чортам рагатым цяжкавата справіцца.

Ад слоў Медзіна Федзьку адразу робіцца лепш. Ён з палёгкай уздыхае, але ўсё роўна спяшаецца адчаліць. Адвязаў, кінуў на нос лодкі ланцужок. Рукі ў Федзькі моцныя, грабануў раз-другі — і ўжо на сярэдзіне ракі. Ціха струменіць за бортам вада. Рыпяць уключыны. Вадзяная роўнядзь — як сіняе шкло. А сонца прыпякае. Дарма што раніца. Вадзіца цёплая-цёплая. Толькі ж хіба стане Федзька купацца зараз? Вунь, хітрэнная, скасавурыла свае зялёныя вочы і пільна цікуе за рухамі гаспадара. Позірк — нібы чалавечы. Нездарма матка з ёю размаўляе.

Федзька ловіць сябе на думцы, што ўпершыню так блізка бачыць казіную галаву, гэтыя зазубрынкі на жаўтаватых вострых рагах, доўгую смешную бародку, а па баках — прыгожыя завушніцы. Падцягнуўшы вёслы, каб не знесла вадой, Федзька ласкава кранае пальцамі казу, гладзіць па мяккай поўсці. Але яна стаіць як укапаная. Толькі калі нос лодкі тыркаецца ў бераг, каза выскоквае на зямлю і спрытна ўзбіраецца па абрыве ўверх. Там яна стаіць хвіліну, павярнуўшы галаву ў Федзькаў бок, чэша рогам спіну. Дзіўна, але Федзька ўжо не злуе на казу.

— Ідзі, ідзі,— махае ён рукой.

Потым Федзька задумліва і моўчкі глядзіць з лодкі ў ваду. Доўга ўзіраецца ў зялёную глыбіню. І ўжо зусім спакойна робіцца на душы. І з лёгкай іроніяй і нездавальненнем ён думае пра сварлівую жонку, думае пра маці. Успамінае, як у дні вайны маці гадавала сястру і яго, як са скуры вылузвалася, каб толькі чым-небудзь накарміць іх. І Федзьку здаецца, што ён даўно так хораша, як цяпер, не думаў пра маці, не адчуваў да яе такой цеплыні і пяшчоты.

З таго боку ракі даносіцца голас Медзіна:

— Федзька-а-а!.. Давай назад! Цеплаход прымаць.

Федзька вяртаецца.

1966


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан