epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Крупнік

Ну і марозна на дварэ... Як тыя вуглы не трашчаць. На шыбінах — зеленаватая наледзь. Праз яе няроўныя заінелыя наплывы, блытаючыся дзівосна зіхатлівымі сонечнымі залацінкамі, прабіваецца ў хату святло. Дужа зімна. А ў хаце толькі-толькі прапалена, цёпленька. На сцяне з нейкім таямнічым шолахам цікае стары гадзіннік у паліраванай скрыначцы — неверагодна доўгі маятнік, аблуплены белы цыферблат... Да гэтага ўтульнага цікання прымешваецца нетаропкае шорганне падшытых валёнак бабулі Парассі. Маленькая, сухенькая, у чорнай целагрэйцы, тупае яна па рыпучай падлозе, акідвае заклапочаным позіркам то адну, то другую рэч няхітрага хатняга ўжытку. Там, глядзіш, адсталі, матляюцца ружовыя шпалеры, там вылез са сцяны цвічок, на якім вісіць рамка з фотакарткамі дзяцей. Спыніцца яна, маркотна ўздыхне — нікога ж ужо няма з ёю, і дачка ў горадзе, і сын — пастаіць, паправіць рамку, ідзе далей. Прабіраецца паміж этажэрак, тумбачак, ложкаў. А гэтыя ложкі — адзін ля аднаго, як на добрую сям’ю... Акуратна засланы байкавымі сінімі коўдрамі, бялеюць чысценькімі пухнатымі падушкамі. Бабуля Параска задумліва ўсміхаецца. І здаецца ў гэтую хвіліну, што на яе хударлявым, скуластым твары куды меней маршчынак. Яна ўсміхаецца і думае: добра ўсё ж, што ў яе кватаруюць хлапчукі з тэхнічнага вучылішча...

Спачатку, калі прасілі ўзяць іх на пастой, вагалася: каб не завельмі мітусні старому чалавеку. А цяпер вось задаволена. Весялей з імі, не так маркотна.

І клопаты не вялікія. Гэта ж ім і ложкі тыя завезлі, і бялізну кожны тыдзень мяняюць. Не, хлопцы зусім някепскія. Вунь там, каля акна, Шурык спіць — ружовашчокі таўстунок з шэрымі бойкімі вачамі, кучаравы, прыгожы, усё жартуе ды на мандаліне трымкае. А побач — Мішкі-маўчуна ложак. Ён хоць і панурлівы, а добры сэрцам: прыйдзе з вучылішча — так і цікуе, каб памагчы ёй, старой, дроў насячэ, нават бульбы часам наабіраць паможа. Ну, а тых дваіх, што за печкай аблюбавалі сабе месца, Ваню і Васю, бабуля Парасся «кніжнікамі» называе: да раніцы чытаюць...

Прачнецца, раззлуецца на іх, цыкне нават, а яны — моляць: дазволь, бабуля, яшчэ пару старонак перагарнуць, самыя цікавыя засталіся. Угавораць, махне рукой — чытайце. Што ім зробіш, жэўжыкам!

Цяпер вунь цэлымі днямі прападаюць, лазню будуюць. Практыка ў іх там нейкая, ці што. Кажуць: без абеда дамовіліся працаваць, каб час не марнаваць, каб у тэрмін усё закончыць. Хочам, кажуць, вам, бабулька, навагодні падарунак зрабіць: парылку падрыхтаваць... Гэта ж ёй, старой, тую парылку! Ай, жартаўнікі, ай, дзеці горкія...

І раптам бабуля Парасся насцярожана ўзнімае сваю маленькую сівую галаву з сабранымі ў тугі вузельчык-жмуток рэдкімі валасамі, пазірае на дзверы. У шчыліну сочыцца пара... Так бывае толькі ў моцны мароз. І вось ужо старой здаецца, што ўся хата напоўнілася гэтай сцюдзёнай парай, бязлітасным холадам, аж ногі закалола ў валёнках, аж дрыжыкі папаўзлі па спіне. Спалохана пляснуўшы рукамі, яна, узрушаная, толькі нейкі момант аб нечым засяроджана разважае. Потым кідаецца да печы, грымкае засланкай, дастае адтуль чыгунок з густым крупнікам. Абпальваючы рукі, хуценька загортвае яго суконкай, ставіць у кашолку і, апрануўшыся, выходзіць на вуліцу.

Калі столькі снегу было — не прыгадае нават бабуля Парасся. За якія два дні намяло вялізныя гурбы ўздоўж дарогі, па саменькі плот. Добра, трохі расчысцілі людзі. Але ўсё роўна цяжка ісці, грузнуць валёнкі.

— Куды ж гэта ты, цётка, у такую стынь? — аклікае сусед бабулю Парассю з двара.

— Ёсць куды, галубок, ёсць клопат,— папраўляючы пуховую хустку, бадзёра адказвае яна.— Во, да мужчынак сваіх кіруюся. Хіба ж ты не ведаеш, колькі ў мяне гэтых працаўнічкоў? Крупнічак ім нясу...

І, ужо забыўшыся на суседа, з хваляваннем уяўляе бабуля Парасся, як сустрэнуць яе на будоўлі, як будуць дзякаваць за гарачы крупнік хлапчукі... І нібы адразу сілы пабольшала ад гэтых думак. І здаецца старой, што яна не сунецца па вуліцы, а хутка, як не подбегам, крочыць наперад.

Сусед здзіўлена пазірае ёй услед.

1973


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан