epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Куртачка

Не ведаю, як у вас, а ў мяне на Новы год абавязкова што-небудзь ды здарыцца... Якая-небудзь каверза так і падсцерагае! Адзін раз, памятаю, усю саракаградусную навагоднюю ноч у лесе правёў — па елку паехаў, ды машына сапсавалася; другі раз, гэта яшчэ калі халасцяком быў, таварыш-урач запрасіў да сябе адсвяткаваць, а сам, як на тое ліха, па тэрміноваму выкліку да хворага паехаў... І давялося мне, маладому-нежанатаму, навагодні тост узнімаць у кампаніі яго старэнькай бабулі. Крыўдна, смешна, недарэчна, але нікому не паскардзішся, ніхто не вінаваты — выпадак!

А то ж і горш было... Ледзь да разводу аднойчы справа не дайшла. Толькі-толькі я ажаніўся тады. Яшчэ дзянькі мядком пахлі... Як кажуць — жыві ды не тужы, цешся сваім сямейным шчасцем! Ні сварак ніякіх, ні папрокаў. Калі і быў клопат, то як лепей Новы год сустрэць у новай кватэры. Склікаў я да сябе сяброў, жоначка мая Тоня ўсяго наварыла і насмажыла, адно — здалося мне, што шампанскага на стол малавата. Ну, я і рашыў у магазін адскочыць: не стану ж я перад гасцямі чырванець!

Калі выходзіў з дому, яшчэ светла было, а назад вяртаўся — ужо снег пасінеў у марозных прыцемках. І вось, стомлены і злы, стаю на прыпынку, з нецярпеннем чакаю чарговы тралейбус. Адзін праходзіць, другі — бітком набітыя. Не прабіцца! Падышоў трэці. Ну, думаю, у гэты ўжо ўпіхнуся як-небудзь. І сеў бы, калі б раптам не ўбачыў... Каго б вы думалі? Сваю жонку... Уласнай персонай. Выйшла з тралейбуса і шпацыруе сабе спакойненька ў сваёй зялёнай куртачцы, у белай вязанай шапачцы! У мяне і зло адразу ад сэрца адлягло: гэта ж гасцей яна кінула і адправілася мяне шукаць, шалапута. Трывожыцца, родная. Эх, шчасце якое жонку такую мець! Ну, думаю, не буду клікаць яе, пажартую трошкі, прайдуся за ёй крадком, а потым — снежку кіну... Вось напалохаецца!

Ледзь стрымліваючы смех, нагнуўся я, каб зляпіць тую снежку, зляпіў, а калі разагнуўся — вачам не паверыў: Антаніна стаяла пад ліхтаром і... цалавалася з нейкім цыбатым хлопцам.

Зялёныя куртачкі замяльцешылі перада мной, закружыліся плямамі перад вачыма. І нічога я не разумею, разгубіўся. Толькі ў галаве нейкія малаточкі стукаюць і званочкі звіняць — вось табе і сямейнае шчасце! І калі паспела тыя шуры-муры завесці... Снежка ў маіх гарачых далонях растала, і вада, нібы слёзы, закапала ўніз. Істуканам пазіраў я ім услед, бачыў, як заходзяць таропка яны ў студэнцкі інтэрнат. І раптам кроў, як у зняважанага Атэлы, забурліла ў маіх жылах. Я пакляўся, што не рушу з месца,— хоць усю ноч прастаю тут, пакуль не дачакаюся жонкі, пакуль не выкажу ёй у твар усё, што пра яе цяпер думаю.

Ля дзвярэй вісеў тэлефон-аўтамат. З інтэрната выскоквалі франтаватыя дзяўчаты і хлопцы і ўсё некуды званілі, кагосьці віншавалі, смяяліся і — знікалі. Толькі я, як вартавы, рыпеў пад вокнамі снегам, праклінаючы той дзень, калі так легкадумна жаніўся, калі паверыў гэтай ветранай Тоньцы. Падумаць толькі, якая прытвора! Я яе лаяў, але ад гэтага лягчэй не рабілася. Чамусьці ўспомнілася, як выстаяў чаргу, каб купіць Антаніне зялёную куртку, як абрадавалася яна пакупцы, якім гарачым пацалункам узнагародзіла мяне...

Сэрца ныла ад крыўды, цела трэслася ад холаду, а я — чакаў! Не памятаю, праз які час падышоў да аўтамата пазваніць — госці ж невінаватыя? Хай там без нас піруюць... Закалелай рукой набраў нумар. Адказаў жаночы голас, вельмі падобны на жончын.

— Пазавіце каго з мужчын,— патрабаваў я.

— Чакайце, зараз...

І вось ўжо ў трубцы весела крычыць мой сябар Сямён:

— Што з табой, адкуль звоніш? Дзе бадзяешся? Ведаеш, колькі да Новага года засталося?

Але я нецярпліва перабіваю яго:

— Скажы лепш, што за жанчына зараз са мной размаўляла?

— Жонка твая,— здзіўлена адказвае Сямён і пачынае зычна рагатаць.— Жонку... не пазнаў... Ха-ха...

Праз паўгадзіны я ўжо сядзеў за навагоднім сталом і моўчкі пазіраў шчаслівымі вачамі на маю Антаніну. Але аб гэтай гісторыі з чортавай куртачкай я ёй так і не расказаў — засмяяла б!

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан