epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Лялькі

Кіёск стаяў побач са школай. У ім прадаваліся лялькі і іншыя дзіцячыя цацкі. Сценкі кіёска былі зроблены з тоўстага шкла. І ўсе лялькі пазіралі праз сіняватае шкло на вуліцу здзіўленымі блакітнымі вачамі. І калі школьніцы вярталіся дамоў, яны заўсёды спыняліся ля кіёска.

Тамара ўсміхалася. Многіх з гэтых маўклівых «пакупніц» яна бачыла ля кіёска амаль кожны дзень — у чысценькіх школьных сукенках і вязаных шапачках, з партфелямі і сумачкамі, у якіх, напэўна, смачна, густа пахла хатнімі бутэрбродамі і новымі сшыткамі з першымі мілымі каракулямі. І ёй хацелася распытаць, як цяпер там, у школе, якая ў іх настаўніца, якія ўрокі. Проста так распытаць, каб пачуць звычайную дзіцячую гаворку. Дзеці ёй заўсёды падабаліся. Падабалася іх любоў да лялек, з якімі — яна добра ведала — яны яшчэ доўгія школьныя гады будуць употай гуляць, сарамліва хаваючыся ад дарослых.

Так было з дня ў дзень. І дзеці прывыклі да Тамарынай ласкавай усмешкі, як да лялек на паліцах. Але аднойчы гэтая ўсмешка знікла з твару прадаўшчыцы. З тае пары, як Тамара вярнулася з бальніцы, дзяўчаткі ўжо не бачылі яе вясёлай. Калі дзеці збіраліся перад акенцам кіёска, Тамара або адварочвалася, або раззлавана гаварыла:

— Ну, што вы тут тырчыце ўвесь дзень? Усё роўна ж нічога купляць не будзеце.

І дзеці неахвотна і нават пакрыўджана адыходзілі. А яна — заставалася. І разам з ёй заставаліся на паліцах лялькі: вялікія і маленькія, пластмасавыя і з матэрыі, у акуратных модных сукенках і вышываных блузках, з доўгімі косамі і прыгожымі бантамі, і ўсе — з блакітнымі наіўнымі вачамі. Але Тамары ўсё часцей і часцей здавалася, што лялькі пільна пазіраюць на яе.

І ў іх блакітных вачах — ні то спачуванне, ні то дакор. Яна хмурылася, адыходзіла ад лялек, ды часам ужо не магла стрымаць сябе: адчувала, як хутка-хутка мокнуць ад слёз шчокі. Добра, што пакупнікі падыходзілі рэдка.

— Добры дзень, Томачка... Тавар новы атрымала?

Вясёлы жаночы голас паказаўся вельмі знаёмы. Яшчэ не павярнуўшыся да акна, Тамара ўспомніла, каму ён належыць: іх ложкі ў палаце стаялі побач.

— Дзень добры, Паліна Маркаўна.

— Ну, як адчуваеш сябе, Томачка? Доўга ты пасля мяне там ляжала?

— Дні чатыры... Пакідалі яшчэ, ды я ўгаварыла выпісаць.

— Што ні кажы, даражэнькая, цяжка нам. І раджаць цяжка, і не раджаць цяжка. Ну, навошта мне болей? І так у хаце трое гарлапанаў...

Тамара моўчкі пазірала на здаровую, шчаслівую жанчыну, у якой былі дзеці і муж, якая зусім не шкадавала ці не задумвалася пра тое, што адбылося там, у бальніцы, і цяпер круглы чырванашчокі твар Паліны Маркаўны, і яе какетлівая ўсмешка, і бесклапотны голас, і нават пах тонкіх духоў выклікалі ў Тамары непрыязнасць.

— Не дарую я сабе, Паліна Маркаўна, ніколі не дарую... Мне ж так хацелася хлопчыка!

— Ну, а ён што? Хоць цяпер задаволены? Пажэніцеся?

— Я яго ненавіджу...

Хаваючы няёмкасць, жанчына яшчэ нешта спытала пра выстаўку моднага адзення і заспяшалася ісці.

— Як-небудзь яшчэ зазірну да цябе, Томачка.

Але назаўтра, калі школьніцы гаманлівай чародкай падышлі да кіёска, яны ўжо не ўбачылі Тамары: лялькі перакладвала другая прадаўшчыца.

1969


1968; 1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан