epub
 
падключыць
слоўнікі

Яўген Каршукоў

Маленькі

Мне здаецца, я зусім-зусім маленькі... Можа, і двух гадкоў яшчэ няма. Нават хадзіць як след не ўмею — тэпаю, трымаючыся за сцяну. А то і паўзком-рачком рухаюся... Вось паўзу, паўзу, пакуль не трапляецца на шляху перашкода — плот... Плачу ад роспачы, але хіба маленькі ды кволы можа пералезці цераз высокую агароджу? Хутчэй адчуваю, чым бачу: нейкая цюцька падбегла і спачувальна ліжа мне твар... Дзякуй, шчырае дзякуй табе, верны друг чалавека!

А міма ідуць дзядзькі і цёткі, пазіраюць і смяюцца. І я, выціраючы слёзы, таксама смяюся. Рагачу, аж заліваюся, бестурботна, як усе дзеці, нават жывоцік баліць ад смеху. І мне пад плотам зусім ужо добра, прыемненька гэтак: цянёк, зацішна, навакол траўка высокая, мурашачкі ды казюлькі па ёй розныя поўзаюць... А над галавой нейкае дрэва гойдаецца, шуміць, сумна так шуміць, закалыхвае: галоўка мая кружыцца, кружыцца, вочкі самі. зліпаюцца, спаць хочуць.

Але хіба дзядзькі могуць пакінуць маленькага аднаго без нагляду? Яны такія клапатлівыя, гэтыя дзядзькі... Лёгенька, як пушынку, бяруць мяне пад пашкі і вядуць, бездапаможнага. «Не чапайце мяне,— хачу сказаць ім.— Не чапайце... Хлопчыку трэба бай-бай...»

Хачу так сказаць, але нічога не атрымліваецца, акрамя мармытання: цяжка маленькаму гаварыць... Урэшце, мяне ніхто і слухаць не жадае, цягнуць у машыну.

Вось толькі калі мяне пачынаюць мыць пад душам, я крышку капрызнічаю. Але дзядзькі-нянькі не звяртаюць аніякай увагі на мае капрызы, хуценька захінаюць у чыстую прасціну і кладуць у ложак. Ужо засынаючы, чую буркатлівы, але задаволены голас:

— Ну, уціхамірыўся, хлопчык... Здаецца, гэты патлаты нядаўна трапляў да нас у выцвярэзнік.

1976


1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Каршукоў Я. І надыходзіць дзень: Апавяданні. Гумарэскі. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 301 с.
Крыніца: скан